Беларусь забяспечыць унутраны рынак айчыннымі яблыкамі
Ураджай яблыкаў у 2018 годзе дазволіць Беларусі забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
Паводле слоў намесніка міністра, у бягучым годзе плануецца сабраць каля 200 тыс. т яблыкаў, што адпавядае патрэбнасці краіны. „Думаю, у далейшым мы будзем мець ураджайнасць і валавыя зборы яшчэ вышэйшыя”, – адзначыў Уладзімір Гракун. Да гэтага самы вялікі ўраджай яблыкаў быў сабраны ў Беларусі ў 2016 годзе – 140 тыс. т.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу, штогод у рэспубліцы павінна закладвацца не менш як 500 га пладовых культур. Гэта задача выконваецца, у бягучым годзе ў тым ліку, праінфармаваў намеснік міністра. У цэлым жа ў краіне пасаджана больш за 18 тыс. га пладовых садоў інтэнсіўнага тыпу.
„Сховішчаў ёсць на 103 тыс. т, якія забяспечаць захаванасць позніх сартоў яблыкаў і рэалізацыю ў міжсезонны перыяд”, – адзначыў Уладзімір Гракун. Гаворачы аб якасці айчынных яблыкаў, ён падкрэсліў: „Нашы яблыкі займаюць дастойнае месца ў сетках. Па смакавых якасцях, таварным выглядзе яны нічым не ўступаюць імпартным, пры гэтым цана іх ніжэйшая – Br0,7-0,8 за кг”.
Беларусь мае магчымасць частку яблыкаў экспартаваць. Размова ідзе пра нязначныя аб’ёмы паставак у Расейскую Федэрацыю. „Але перш за ўсё перад намі стаіць задача забяспечыць унутраны рынак”, – падкрэсліў намеснік міністра.