Чарнігаў: цікавыя змены



Дарогі

Кашмарны стан украінскіх дарог раней не згадваў толькі лянівы беларус, які выязджаў у суседнюю дзяржаву на шопінг альбо на адпачынак. Я асабіста чуў дзясяткі аповедаў пра тое, як камусьці давялося пасля паездкі перабіраць падвеску ў свайго жалезнага каня. Нехта сведчыў пра тое, што пасля трапляння ў яміну пасярод праезнай часткі даводзілася ставіць запаску, каб даехаць да бліжэйшага сервісу. Сама язда па ўкраінскім асфальце нагадвала перасоўванне па тарцы. Але цяпер у тым жа Чарнігаве дарожнае пакрыццё на цэнтральных вуліцах прыкметна палепшылася. Прычым не за кошт ямачнага рамонту, а ў выніку поўнай змены асфальта, якаснай разметкай і бардзюрамі. Паляпшэнне дарогі стала настолькі відавочным, што гэтыя пераўтварэнні пачалі абмяркоўваць гомельцы.

Бізнес

За апошні год у Гомелі адкрылася пару вялікіх гіпермаркетаў, але аўтамабільныя паркоўкі каля іх практычна заўжды пустыя. Асартымент тавараў і цэны таксама асабліва не радуюць. У той жа час на паркоўку гандлёвых цэнтраў у Чарнігаве практычна немагчыма заехаць. У выходныя дні там з паходняй не знойдзеш ніводнага свабоднага месца праз застаўленасць аўтамабілямі з украінскімі і беларускімі нумарамі. Выйгрышна выглядаюць, у параўнанні з беларускімі гарадамі, і забаўляльна-харчовыя ўстановы Чарнігава. За 200-250 грывень (менш за 10 долараў) 1 чалавек можа вельмі смачна наесціся мяснымі стравамі і традыцыйнымі ўкраінскімі варэнікамі.

Гарадская прастора

Чарнігаў – вельмі багаты на помнікі архітэктуры горад. Дастаткова толькі згадаць 5 сярэдневечных цэркваў 11-13 стагоддзяў і вялікай колькасці помнікаў у стылі “казацкага барока”. Але доўгія гады гэтыя перліны дойлідства губляліся на фоне засмечаных і недагледжаных гарадскіх паркаў і шэрых вуліц з абшмальцаванымі фасадамі дамоў. Агульная карціна Чарнігава, асабліва ў міжсезонны перыяд, пакідала ўражанне суцэльнага дэпрэсняка. Але за апошні год некалькі цэнтральных сквераў і паркаў былі рэканструяваныя, прычым вельмі акуратна і з улікам еўрапейскіх урбаністычных тэндэнцый. Той жа сквер каля старажытнай Пятніцкай царквы 12 стагоддзя з дагледжаным газонам, новым фантанам і шматлікімі лавамі – добры прыклад гуманістычнага падыходу ў справе арганізацыі гарадской прасторы. Там вельмі прыемна бавіць час і расслабіцца пасля цяжкага працоўнага тыдня. Асабліва такія прыемныя гарадскія разынкі адчуваюць беларусы, якія стаміліся ад дамінавання архітэктуры ў стылі аграмадэрн і паўсюднай плітачкі, што перакладаецца па тры разы на год у звязку з прыездам кіраўніка дзяржавы.

Бязвіз

Штогод некалькі мільёнаў украінцаў маюць магчымасць бесперашкодна выязджаць у краіны ЕЗ для турыстычных і працоўных мэтаў. За падвышэннем мабільнасці насельніцтва паступова мяняюцца стэрэатыпы паводзінаў, каштоўнасці і ўяўленні пра будучыню Украіны. І хоць многія ўкраінцы самі не ацанілі магчымасцяў “бязвізу” напоўніцу, змены паступова дойдуць і да іх, калі ўслед за турыстамі пачнуць узмацняцца інвестыцыйныя патокі.

Усе гэтыя перамены ў краіне, якая лічыцца адной з найбяднейшых у Еўропе, яшчэ не набылі незваротнага характару. Гэта пакуль што тэндэнцыі, якія могуць зрабіць Украіну паспяховай дзяржавай. Украінскія аналітыкі заўважаюць, што ў краіне, якая ваюе, аб’ектыўна грошай не стала больш. Проста пачалі працаваць рэформы, якія дазваляюць ставіцца да сродкаў больш ашчадна і рацыянальна. Дзякуючы рэформе мясцовага самакіравання Чарнігаўшчына атрымала магчымасць накіроўваць грошы на свае патрэбы, не азіраючыся на Кіеў. Гэта і змяніла за кароткі час аблічча Чарнігава.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ