Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Менску скараціўся на чвэрць
У студзені—кастрычніку 2018 года арганізацыямі ўсіх форм уласнасці ў Менску пабудавана 6.220 новых кватэр (у студзені—кастрычніку 2017-га — 7.815), паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.
Уведзена ў эксплуатацыю 413,8 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, на 23,7% менш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года. У кастрычніку здадзена ў эксплуатацыю 49,1 тыс. кв. м, што на 2,5% менш, чым у кастрычніку мінулага года, і на 30,7% менш, чым у верасні гэтага года.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 85,7 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 20,7% агульнага ўводу жылля.
З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 67 тыс. кв. м (у 2,1 разу больш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года).
У 2018 годзе ў сталіцы плануюць пабудаваць 720 тыс. кв. м жылля, у тым ліку для тых, хто стаіць на ўліку, — 120 тыс. У Маскоўскім раёне павінны ўзвесці 218,2 тыс. кв. м, у Першамайскім — 155 тыс., у Цэнтральным — 135,9 тыс. Акрамя таго, пачнецца асваенне тэрыторый у Заводскім раёне — у межах вуліц Шышкіна і Куляшова, працягнецца жыллёвае будаўніцтва ў Фрунзенскім раёне — у межах вуліц Шаранговіча і Гарэцкага.