У плэй-оф футбольнай Лігі нацый Беларусь сустрэнецца з Грузіяй



У сакавіку 2020 года ў паўфіналах плэй-оф Лігі нацый дывізіёна „D” зборная Беларусі ў гасцях пазмагаецца з камандай Грузіі, а зборная Косава на чужым полі згуляе з Македоніяй.

Гэта стала ведама пасля таго, як каманда Косава ў заключным матчы кваліфікацыі разграміла зборную Азербайджана – 4:0.

Гаспадар фінальнага матчу, у якім вызначыцца ўладальнік пуцёўкі на Еўра-2020, будзе вызначаны праз лёсаванне 22 лістапада 2019 года. Усё гэта адбудзецца ў разе таго, калі ніхто з дружынаў Беларусі, Грузіі, Македоніі і Косава не выйдзе на чэмпіянат Еўропы-2020 наўпрост праз асноўную кантынентальную кваліфікацыю, што малаверагодна.

Вынікі першай у гісторыі футбольнай Лігі нацый у іншым дывізіёне:

Дывізіён А

У плэй-оф згуляюць пераможцы адборавых груп Нідэрлянды, Швайцарыя, Партугалія і Англія.

Класам ніжэй апусцяцца Германія, Ісляндыя, Польшча і Харватыя.

Дывыізіён В

У плэй-оф выйшлі і згуляюць паміж сабой у паўфіналах Боснія і Герцагавіна – Швецыя, Украіна – Данія. Гэтыя 4 дружыны адначасна выйшлі ў дывізіён А у наступным розыгрышы.

У дывізіён С апусцяцца Славакія, Турцыя, Паўночная Ірляндыя і Ірляндыя. Гэта ўжо патэнцыйныя супернікі зборнай Беларусі ў новай Лізе нацый.

Дывізіён С

У плэй-оф выйшлі і згуляюць паміж сабой у паўфіналах Шатляндыя – Фінляндыя, Нарвегія – Сербія. Гэтыя 4 дружыны адначасна выйшлі ў дывізіён В у наступным розыгрышы.

У дывізіён D пойдуць Літва, Славенія, Кіпр і Эстонія. Замест іх у дывізіён С падымуцца Беларусь, Грузія, Косава і Македонія.

Беларускае Радыё Рацыя