Праваслаўныя вернікі збіраюць подпісы за літургію на беларускай мове
Ініцыяваў і, як правіла, служыў штомесячную беларускамоўную літургію ў сталічным прыходзе св. Архангела Міхаіла ў Сухараве іярэй Аляксандр Шрамко, забаронены ў служэнні ў кастрычніку за крытыку патрыярха.
Цяпер беларускамоўныя службы на прыходзе будуць праходзіць раз на тры месяцы.
Храм св. Архангела Михаила, фота sobor.by sobor.by
Пры планаванні чарговай літургіі на лістапад, снежань і Раство вернікі ў звычайным парадку звярнуліся да адказнага за складанне раскладу багаслужбаў на прыходзе святара, які паведаміў, што літургіі на беларускай мове на свята Раства, як гэта было тры гады запар, не плануецца, а колькасць беларускамоўных літургій скарачаецца: цяпер яны будуць святкавацца толькі адзін раз на тры месяцы. Занепакоеныя такім становішчам, прыхаджане сухараўскага храма ініцыявалі зварот да мітрапаліта Паўла з просьбай знайсці месца для правядзення штомесячнай беларускамоўнай літургіі.
Суполка беларускамоўных пеўчых і прыхаджан Свята-Міхайлаўскага прыхода.
«Трэба адзначыць унікальнасць беларускамоўнай Літургіі на Свята-Міхайлаўскім прыходзе, якая была ў тым, што яна адбывалася ў галоўны богаслужбовы дзень — нядзелю, і на асноўныя святы, якія прыпадаюць на выходны дзень — Пасху і Раство Хрыстова, у той час як у іншых прыходах такія Літургіі святкуюцца ў іншыя дні тыдня, і, часцей за ўсё, з пачаткам а 6.30 раніцы, што ўскладняе ўдзел у ёй тых, хто вучыцца, працуе ці жыве далёка ад храма. Запатрабаванасць такіх Літургій была даволі высокай, пра што сведчыць наступны факт: у святакаванні звычайных нядзельных Літургій па-беларуску бралі ўдзел як найменей паўсотні вернікаў, і колькасць удзельнікаў пастаянна расла, да ліку пеўчых далучаліся новыя людзі», — адзначаецца ў звароце.
Спраўляў літургію, як правіла, цяпер забаронены ў служэнні іярэй Аляксандар Шрамко. Са жніўня 2018 года яе пачалі служыць і іншыя святары.