У цягніках эканом класа з’явяцца месцы для правозу веласіпедаў



Беларуская чыгунка правядзе абсталяванне месцаў для правозу веласіпедаў у цягніках рэгіянальных ліній эканом класа з ненумераванымі месцамі, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.

На першапачатковым этапе месцамі для правозу двухколавых машын абсталююцца два саставы: электрацягнік ЭР9 і дызель-цягнік ДР1А ў галаўных вагонах (для трох веласіпедаў у кожным вагоне). Устаноўленыя на рухомым саставе канструкцыі пройдуць выпрабаванні трываласці мацавання. У далейшым месцамі для правозу веласіпедаў плануецца абсталяваць увесь маторвагонны рухомы састаў рэгіянальных ліній эканом класа.

Таксама ў планах Беларускай чыгункі абсталяванне гэтага рухомага саставу адмысловымі месцамі для правозу буйнагабарытнай ручной паклажы. Усе работы плануецца зрабіць пры правядзенні планавых рамонтаў рухомага саставу.

zviazda.by