Ганна Красуліна звярнулася ў расейскую амбасаду
Прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую на год дэпартуюць з Беларусі, звярнулася ў амбасаду Расеі. Яна адправіла туды заказным лістом заяву пра „парушэнне правоў грамадзян Расейскай Федэрацыі”, піша tut.by.
Беларускія ўлады дэпартуюць жанчыну на год — да 30 лістапада яна абавязаная пакінуць краіну. Красуліна — расейская грамадзянка, жыве ў Беларусі з 2002 года, мае від на жыхарства. Нагодай для высылкі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні: два ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і адзін праезд без квітка ў аўтобусе. Хаця ўсе штрафы актывістка аплаціла, рашэнне пра высылку было абгрунтаванае „інтарэсамі грамадскай бяспекі”.
У сваёй заяве ў амбасаду Красуліна адзначае, што пастаянна жыве ў Беларусі з мужам, сынам і дачкой. Яе бацькі, непрацаздольныя пенсіянеры, таксама маюць грамадзянства Расеі, але з 2006 года жывуць у Беларусі.
Сваю дэпартацыю актывістка лічыць неабгрунтаванай і неапраўдана суровай мерай. На яе думку, у законе „Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” падставы для высылкі замежніка сфармуляваныя дастаткова няпэўна і даюць „шырокія магчымасці для тлумачэння органам, якія прымаюць рашэнне”. Таксама яна спасылаецца на падпісаныя паміж Беларуссю і Расеяй пагадненні аб пабудове Саюзнай дзяржавы, дзе абвяшчаецца роўнасць правоў грамадзян, у тым ліку на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства.
Красуліна падкрэслівае, што ні яна сама, ні яе бацькі не маюць нерухомасці і жылля ў Расеі. „Я з’яўляюся інвалідам III групы, у цяперашні час сталай працы не маю. Высылка мяне з Беларусі азначае, што мяне разлучаюць з маёй сям’ёй — мужам і дзецьмі, і, па сутнасці, ставяць у небяспечнае для здароўя і жыцця становішча пры адсутнасці дастатковых сродкаў да існавання па-за пастаянным месцам жыхарства. Мае бацькі, грамадзяне Расейскай Федэрацыі, жывуць у Беларусі з 2006 года, і вось цяпер, калі яны ва ўзросце і маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, яны застануцца на цэлы год без маёй дапамогі. Як грамадзянка Расейскай Федэрацыі інфармую Вас аб парушэнні маіх правоў і інтарэсаў, а таксама інтарэсаў маіх бацькоў”, — напісала Красуліна ў амбасаду.
У абарону Красулінай ужо выказаліся беларускія і еўрапейскія палітыкі. Напярэдадні Красуліну прыняла амбасадар Вялікабрытаніі, якая паабяцала праінфармаваць свой урад пра яе дэпартацыю.
Фота з фэйсбука