Лукашэнка: Кошт жылля не павінен павялічвацца з ростам заробкаў



Кошт жылля, што будуецца ў Беларусі, з’яўляецца найважнейшым пытаннем дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў Менску на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу.

Паводле яго слоў, цана на квадратны метр жылля не павінна аўтаматычна павялічвацца з ростам зарплат.

„Задачай урада застаецца захаванне формулы — адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэй за сярэднямесячную заработную плату. Дасягненне ўзроўню заработнай платы ў тысячу рублёў не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Занепакоенасць кіраўніка дзяржавы выклікала пытанне завяршэння будаўніцтва жылых дамоў, тэрмін узвядзення якіх перавышае раней устаноўленыя нормы. „Такіх дамоў у краіне 35. Гэта, вядома, не 380 дамоў, як у 2013 годзе, але і іх быць не павінна. За кожным з іх стаяць нашы суграмадзяне”, — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад кіраўніка Менгарвыканкама і ўсіх старшыняў аблвыканкамаў узяць на кантроль сітуацыю з кожным з такіх дамоў і завяршыць будаўніцтва максімум у першай палове 2019 года. Камітэту дзяржкантролю і Генеральнай пракуратуры даручана „прааналізаваць сітуацыю ў гэтым пытанні і зрабіць неабходныя дзеянні”.

Акрамя таго, Лукашэнка даручыў на заканадаўчым узроўні вызначыць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва адзіным органам, які фармуе дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы.

„Толькі профільнае міністэрства павінна ўсталёўваць будаўнічыя нормы. Задача астатніх — вызначаць нормы эксплуатацыі і забяспечваць кантроль за іх выкананнем. Патрабую ад урада аптымізаваць усе нормы, сканцэнтраваць усё галіновае заканадаўства ў адных руках і вызначыць Мінбудархітэктуры адзіным органам, які фармуе дзяржаўную палітыку ў будсферы”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН