Валер Буйвал: КХП-БНФ памагае Украіне ідэалагічна



У Менску раскідваюць па паштовых скрынях улёткі ад імя Зянона Пазняка з заклікам да беларусаў ехаць і дапамагаць украінцам у барацьбе з Расеяй. Прадстаўнік Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ Валер Буйвал пацвердзіў, што ініцыятарам гэтай акцыі з’яўляецца Зянон Пазняк, аднак сама партыя не ўцягнутая ў вярбоўку добраахвотнікаў:

– Так пацвярджаю. Але мы канкрэтна гэтымі мілітарными справамі, канешне, не займаемся. Мы ідэалогіяй займаемся. Гэта значыць агучваем гэтую ідэю, фармулюем яе як неабходнасць дапамагаць Украіне, украінскаму народу ў справядлівай барацьбе супраць маскоўскай імперыі – усемі метадамі. Мы не хацелі вайны. А імперыя вайну ўжо фактычна пачала.

Раней Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі распаўсюдзіла заяву,у якой папярэдзіла беларусаў пра крымінальную адказнасць за ўдзел у баявых дзеяннях у суседняй краіне.

Між тым стала вядома, што расейскія ўлады дазволілі адкрыць у Маскве ваенкамат самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі для набору баевікоў у шэрагі сепаратыстаў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя