Украіна вельмі верагодна ўвядзе ваеннае становішча
Украінская пракуратура кваліфікавала абстрэл і захоп сваіх караблёў як акт агрэсіўнай вайны. Рада нацыянальнай бяспекі і абароны прапанавала прэзідэнту Пятру Парашэнку ўвесці ў краіне ваеннае становішча на 60 дзён. А 16-й гадзіне ў панядзелак гэтае пытанне разгледзіць Вярхоўная Рада. З вялікай доляй верагоднасці такое рашэнне будзе прынятае.
Ноччу Міністэрства замежных спраў Украіны прыняло афіцыйную заяву, скіраваную да Расеі:
„Украіна патрабуе неадкладна сказаць медыцынскую дапамогу параненым вайскоўцам, забяспечыць іх хуткае і бяспечнае вяртанне на Радзіму, а таксама вярнуць захопленую ваеннную маёмасць і кампенсаваць украінскаму боку ўчыненыя страты.
Уся адказнасць за далейшае абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне Азоўскага і Чорнага мораў і падрыў працэсу мірнага ўрэгулявання расейска-украінскага збройнага канфлікту цалком ускладаецца на крамлёўскі рэжым”.
Сваю заяву зрабіла і МЗС Польшчы. У ёй гаворыцца наступнае:
„Мы рашуча асуджаем агрэсіўныя дзеянні Расеі, мы заклікаем яе ўлады паважаць міжнароднае права, а абодва бакі – быць стрыманымі ў цяперашняй сітуацыі, якая можа паставіць пад пагрозу стабільнасць еўрапейскай бяспекі”.
Кіраўнік МЗС Канады Хрысця Фрылянд: „Канада асуджае агрэсію Расеі супраць Украіны ў Керчанскім праліве. Заклікаем РФ да неадкладнай дээскалацыі, вызвалення захопленых суднаў і аднаўленню свабоды навігацыі”.
Напомнім, што расейскія ваенныя 25 лістапада захапілі тры караблі ВМС Украіны: малыя браняваныя артылерыйскія кацеры „Нікапаль” і „Бярдзянск”, а таксама рэйдавы буксір „Яны Капу”.
На гэтых караблях былі 23 украінскія маракі. Паводле камандавання Узброеных сіл Украіны, 6 з іх паранены, двое – у цяжкім стане. У ФСБ Расеі сцвярджаюць, што лёгкія раненні атрымалі трое ўкраінцаў. Пасля захопу сувязь з украінскімі караблямі перарвалася, што з імі зараз – невядома, заявіў начальнік Генштаба УСУ Віктар Мужэнка.
Расейскія СМІ паведамілі, што захопленыя караблі адбуксуюць у акупаваную Керч.
Беларускае Радыё Рацыя