Андрэй Худык сустрэнецца з праціўнікамі завода АКБ



Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык гатовы сустрэцца з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Пра гэта паведамляюць карыстальнікі Viber-канала „Неравнодушные”, у якім абмяркоўваецца сітуацыя вакол завода. Гэты крок уладаў каментуе берасцейскі блогер і журналіст Сяргей Пятрухін:

Мяркую, што гэта можа быць звязана з выбарамі, бо Аляксандр Лукашэнка ўжо пачаў перадвыбарчую кампанію. І ён не можа не ведаць, што мае тут пратэсны рэгіён. І яму трэба любымі ўчынкамі зрабіць так, каб тут усё было ціха і добра. Можа быць, спадар Худык на чамаданах ужо сядзіць. Маю вялікі сумнеў, што гэта робіцца дзеля людзей. Хоць і не выключаю, што 40 тысяч подпісаў – гэта вельмі шмат, і тое, што праблема выйшла на такі ўзровень, сведчыць пра многае.

Пра меркаваную сустрэчу з Андрэем Худыкам стала вядома пасля тэлефоннай размовы з ім прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва завода – Дзям’яна Лепясевіча і Андрэя Бекалюка. Прыём у міністра запланаваны на 5 снежня 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота minpriroda.gov.by