Амаль на 20% вырасла колькасць стратных прадпрыемстваў



Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных прамысловых арганізацый у студзені—верасні гэтага года ў параўнанні са студзенем—вераснем 2017-га павялічылася з 340 да 407 (на 19,7%), іх удзельная вага — з 21,2 да 25,4%.

Пры гэтым сума чыстай страты ўсіх стратных прампрадпрыемстваў за апошнія 12 месяцаў вырасла ў 2,36 разу да 2 млрд 55,1 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — у 1,97 разу да 5 млн 49,3 тыс. рублёў.

Чысты прыбытак арганізацый на 1 кастрычніка склаў 1 млрд 773,7 млн рублёў, што на 39,4% менш, чым у студзені—верасні 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 738,4 млн (на 28,3% менш).

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 2,1% да 7 млрд 131,6 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 8,3 і 10,5% адпаведна (за аналагічны леташні перыяд — 9,7 і 12,3%).

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 85 млрд 472,7 млн рублёў, або на 18,3% больш, чым у студзені—верасні 2017 года.

Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені—верасні 2018-га ў параўнанні са студзенем—вераснем 2017 года павялічыўся на 19,5% да 67 млрд 830,3 млн рублёў.

На думку незалежных экспертаў, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне: іх трэба прызнаць банкрутамі альбо прадаць прыватным інвестарам. Пры гэтым, лічаць яны, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэй за 5%.

БелаПАН