Юрась Губарэвіч: Навошта нам такія саюзнікі?
Кіраўнік руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч выказаў сваю пазіцыю з нагоды канфлікту ў Азоўскім моры.
Нагадаем, што з-за канфлікту, калі расейцы захапілі ў палон у Керчанскім праліве некалькі ўкраінскіх кацераў і пры гэтым паранілі вайскоўцаў, зараз ва Украіне часткова ўведзена ваеннае становішча.
Юрась Губарэвіч: Безумоўна, недапушчальна тое, што зараз мы бачылі падчас чарговага ўкраінска-расейскага канфлікту. Ёсць рэжым выкарыстання водных шляхоў, і я думаю, што менавіта Расея парушыла міжнародныя дамовы, калі праявіла агрэсію ў дачыненні да ўкраінскіх судоў, якія мелі права вольнага праходу. Нават калі не браць у аспект тое, што гэтая тэрыторыя – захопленая і незаконна анэксаваная Расеяй.
РР: На ваш погляд, ці трэба ў гэтай сітуацыі беларускім уладам выказаць сваю пазіцыю?
Юрась Губарэвіч: Пра тое, што трэба рабіць беларускім уладам, мы кажам ужо даўно – выйсці з усіх вайсковых дамоваў і блокаў з Расеяй. Навошта нам такія агрэсіўныя саюзнікі? Трэба найперш умацоўваць уласны абарончы патэнцыял і лепш супрацоўнічаць з блокам НАТА дзеля бяспекі сваёй краіны. Адзіны агрэсар, які сёння ёсць у рэгіёне, гэта Расея. На жаль, беларускія ўлады не здольныя на гэта пайсці, бо глыбока завязалі Беларусь у залежнасць ад Масквы – палітычную, эканамічную і ваенную.
Але, мяркую, нашы ўлады з украінскай сітуацыі яшчэ ў 2014 годзе зрабілі высновы для сябе. Там цудоўна разумеюць, што падобны сцэнар Расея можа рэалізаваць і ў дачыненні да Беларусі. Пры гэтым рэалізуюць пры жаданні дастаткова лёгка, бо расейскі ўплыў, які зараз ёсць на беларускае грамадства, непараўнальна большы, чым той, што быў у свой час ва Украіне. У Беларусі па-ранейшаму не толькі працуе расейская прапаганда, але і актывізаваліся апошнім часам розныя прарасейскія арганізацыі.
Кастусь Заблоуцкі, Беларускае Радыё Рацыя