Піраты Азоўскага мора



Пасля анексіі ўкраінскай паўвыспы Крым і пабудовы Керчанскага моста было даволі лёгка прагназаваць, што акваторыя некалі спакойнага Азоўскага мора ператворыцца ў адно з найбольш “гарачых” месцаў на планеце. Расейская Федэрацыя паслядоўна, крок за крокам, ажыццяўляе палітыку блакавання ўкраінскіх партоў Бярдзянска і Марыупаля, на якія прыпадае істотная доля грузапатока ўкраінскіх тавараў, што дастаўляюцца марскім шляхам. Стварэнне перашкод у функцыянаванні партоў адбываецца двума шляхамі. Па-першае, сама канструкцыя Керчанскага моста не дазваляе судам вялікага водазмяшчэння праходзіць да партоў. Па-другое, расейская памежная служба ажыццяўляе затрыманні і дагляды ўкраінскіх і замежных караблей, што істотна зніжае прываблівасць украінскіх партоў для замежных кампаній. Усе гэтыя дзеянні адбываюцца пры поўным ігнараванні міжнародных прававых нормаў. У прыватнасці, Канвенцыя па марскім праве ад 1982 года прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне судоў праз пралівы. Гэта азначае, што Україна не абавязаная кансультавацца з расейскім бокам адносна транзіту праз Керчанскі праліў. У 2003 годзе Расея і Україна падпісалі таксама дамову адносна супольнага выкарыстання акваторыі Азоўскага мора. З гэтага дакумента таксама вынікае, што ў дачыненні да Азова проста немагчыма выкарыстоўваць тэрмін “расейскія тэрытарыяльныя воды”.

Калі раней сітуацыя даходзіла да незаконнага дагляду і спынення транспартных судоў расейскімі памежнікамі, то 25 лістапада адбылася падзея, якая ўвойдзе ў падручнікі прафесійных дыпламатаў пад назвай “Керчанскі крызіс”. Гаворка ідзе пра пірацкі напад расейскіх ваенных судоў на ўкраінскія караблі „Бердянськ”, „Нікополь” і „Яни Капу”. 25 лістапада раніцай РФ з дапамогай танкера, які нібыта “сеў на мель”, заблакавалі праход у Керчанскі праліў украінскаму буксіру і двум катарам. Гэтыя судны былі атакаваныя. У дачыненні да катара “Бердянськ” выкарыстоўвалася артылерыйская зброя, прычым стрэлы праводзіліся не па хадавой частцы, а ў раён рубкі, дзе знаходзіліся маракі. То бок, агонь вёўся на паражэнне. Гэтыя дзеянні трактуюцца міжнародным заканадаўствам выключна як акт агрэсіі (артыкул 3д Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеї ААН 3314). І ніяк інакш. У выніку захопу трох украінскіх суднаў 21 марак ВМС трапіў у палон, 6 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Україна, сутыкнуўшыся з фактам нападу на караблі, была вымушаная ўвесці ваеннае становішча ў прыпамежных з Расеяй рэгіёнах. На практыцы гэта будзе азначаць, што ўкраінская дзяржава на перыяд дзеяння ВС можа пайсці на абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, пры патрэбе ўводзіць працоўную павіннасць, абмяжоўваць працу СМІ і забараняць масавыя акцыі. Такое рашэнне Вярхоўнай Рады і Пятра Парашэнкі крытычна ўспрынялі многія ўкраінскія грамадзяне. У асноўным яны акцэнтавалі ўвагу на тым, што вайна ідзе з 2014 года. Маўляў, за гэты час былі і куды больш драматычныя падзеі, напрыклад, кацёл ля Дэбальцава, у якім украінскае войска панесла жахлівыя страты. Але тады ваеннае становішча не ўводзілася. Чаму ж менавіта цяпер украінскія ўлады пайшлі на такі крок? Адказ даволі відавочны. Прафесійны дыпламат Пятро Парашэнка выдатна ведае, чым можа закончыцца авантура РФ па пераўтварэнні Азоўскага мора ва ўнутранае возера. Для Украіны гэта азначае страту стратэгічных партоў у Азоўскім моры, удар па эканоміцы. Акрамя гэтага, бадай упершыню з 2014 года расейскія вайскоўцы дзейнічалі не ад імя ананімных “зялёных чалавечкаў”, а пад сцягам сваёй дзяржавы. Такія абставіны дазваляюць рабіць выснову пра тое, што Расея свядома ідзе на абвастрэнне канфлікта, які можа перарасці ў маштабную вайну.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ