Валерый Карбалевіч: Краіны былога Саюза прымяраюць на сабе ўкраінскі сцэнар
Сітуацыя ва Украіне па-ранейшаму застаецца складанай, аб яе нармалізацыі застаецца толькі марыць. Чаму сёння афіцыйны Менск заклапочаны ўкраінскім канфліктам, а беларусы ў сваёй большасці на баку расейцаў? Пра гэта разважае палітолаг Валерый Карбалевіч.
Валерый Карбалевіч: Найперш трэба адзначыць, што сітуацыя ва Украіне хвалюе беларускае грамадства. Украінскі крызіс узбудзіў гэтае грамадства і, можа быць, упершыню за шмат гадоў адбылася вельмі моцная палітызацыя людзей. Зразумела, што сярод беларусаў у сувязі з гэтым адбыўся і велізарны раскол: адныя падтрымліваюць Расею, другія – Украіну. Што тычыцца ўладаў, то яны таксама моцна занепакоены тым, што адбываецца ў нашых суседзяў. І Лукашэнка ўжо некалькі разоў (апошні раз – падчас святкавання Дня незалежнасці) казаў пра рэальнасць расейскай пагрозы. Праўда, схаваў гэта пад эквілібрыстыкай слоў, але той, хто хацеў прачытаў гэтую занепакоенасць, лёгка яе прачытаў. А ўвогуле, тое, што зрабіла Расея ва Украіне, занепакоіла лідараў ўсіх краін з былога Саюза. Усе яны прымяраюць на сабе ўкраінскі сцэнар.
РР: Сёння ўжо ёсць канкрэтна акрэсленая пазіцыя беларускіх уладаў па ўкраінскаму канфлікту ці краіна прытрымліваецца пазіцыі “і нашым, і вашым”?
Валерый Карбалевіч: Калі казаць пра рыторыку афіцыйных асобаў, то Беларусь выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, супраць федэрыялізацыі і не прызнае розныя рэферэндумы кшталту стварэння Данецкай народнай рэспублікі ці Луганскай. Таму на ўзроўні рыторыкі пазіцыя выказана. А з іншага боку (на ўзроўні дзеянняў) Беларусь павінна ісці ў фарватары Расеі і яе палітыкі. Я маю на ўвазе з’яўленне ў краіне расейскіх ваенных самалётаў, галасаванне беларускім бокам у ААН у падтрымку Крамля. Таму пазіцыя супярэчлівая. Гэта выклікана тым супярэчлівым становішчам, у якім апынулася Беларусь. З аднаго боку Расея – гэта пагроза, а з іншага – адзіны чыннік падтрымкі беларускай эканомікі і фінансавай сістэмы. І ўлады стараюцца неяк балансаваць.
РР: Беларусы ў сваёй большасці ў гэтым канфлікце на баку расейцаў?
Валерый Карбалевіч: Сацыёлагі сцвярджаюць, што дзве трэці грамадзян Беларусі ва ўкраінскім канфлікце на баку Расеі.
РР: Расейская прапаганда зрабіла сваю справу?
Валерый Карбалевіч: І гэта таксама. Але, відаць, гэтая прапаганда наклалася на нейкія архетыпы беларускай свядомасці.
РР: Адным словам, кіраўніцтва Беларусі – за цэласнасць Украіны, а беларусы – супраць?
Валерый Карбалевіч: Афіцыйны Менск робіць высновы з пунту палітычнага гледзішча. А звычайны абывацель не павінен разбірацца ў палітыцы. Ён рэагуе на нейкія зусім простыя рэчы – па расейскім каналам паведамілі, напрыклад, што ўкраінцы забіваюць дзяцей, гвалцяць жанчын, бамбяць гарады… Яны не разбіраюцца – проста ўпітваюць інфармацыю. Сітуацыя вачыма палітыка і абывацеля – зусім розныя рэчы. І, трэба сказаць, што Лукашэнка, напэўна, занепакоены такой рэакцыяй беларускага грамадства. Бо атрымліваецца, што расейскія тэлеканалы больш эфектыўна маніпулюць беларусамі, чым айчынныя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя