Алесь Абляк: Нас не зламіць, мы будзем рухацца далей
У Берасцейскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Алеся Абляка.
22 кастрычніка яго пакаралі штрафам у памеры 245 рублёў, за ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту на плошчы Леніна якая адбылася 14 кастрычніка з удзелам палітыка Мікалая Статкевіча. Нягледзячы на судовы пераслед і ціск з боку сілавікоў і спецслужбаў, Алесь не збіраецца змяняць сваіх перакананняў:
– Каб пахіснуць маю грамадскую пазіцыю, можа, зламаць неяк. Я не ведаю, што яны хацелі гэтым сказаць. Але нас не зламіць, мы будзем рухацца далей. Мяне не запужаць. Я буду рабіць далей тое, што і рабіў. Гэта ціск, яны хочуць людзей запалохаць.
Яшчэ на разглядзе справы ў судзе першай інстанцыі Алесь Абляк хадайнічаў аб тым каб судовае паседжанне вялося па-беларуску. Суддзя Семянчук, тады, яго хадайніцтва не задаволіў. „У абласным судзе сітуацыя была цалкам адваротнай і скаргу разглядзелі па-беларуску”, – зазначыў актывіст у паслясудовым каментары.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце