100 гадоў таму полькі атрымалі выбарчае права
У Польшчы 100 гадоў таму жанчыны атрымалі выбарчыя правы. 28-га лістапада 1918 года начальнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі падпісаў адпаведны дэкрэт.
У Беластоку жанчыны адзначылі гэтую дату на Рынку Касцюшкі:
– Я хацела распавесці пра сваю бабулю Анну Астражаньску. У 1918 годзе ёй было тры гады, яна была бежанкай. Люблю сваіх бабуляў і дзякую ім за тое, што яны былі.
– Роўна 100 гадоў таму маршалак Пілсудскі, як заўсёды падкрэсліваю, пад вялікім уплывам сваёй жонкі, хоць сам нібыта і не надта хацеў, надаў жанчынам выбарчыя правы.
– Многа змянілася за гэтыя 100 гадоў, якія мінулі. Ці мы цяпер ужо зусім свабодныя і маем тыя ж правы, што і мужчыны? Не.
– Жанчыны дагэтуль адпаведна не цэняцца працадаўцамі, маюць меншыя заробкі. Больш працяглымі робяць дэкрэтныя адпачынкі – гэта ўжо лепей. Ідзем у правільным накірунку.
Паводле дадзеных Еўрастата за 2016 год, у Польшчы мужчына на той жа пасадзе зарабляе на 7% больш, чым жанчына. Таксама ёсць розніца ў грамадскай і палітычнай сферах. У польскім Сойме жанчыны складаюць толькі 27% ад агульнай колькасці дэпутатаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя