Спецаперацыя ў беларускім радыёэфіры



У панядзелак я вяртаўся дамоў на маршрутцы “Менск-Гомель”. Фонам гучаў невыразны блатняк ад “Радыё Рокс”. Шансанье каламбурылі з дапамогай няхітрых рыфмаў кшталту “ля рэстарана “Мяцеліца” народ мяцеліцца”. Аднак самае цікавае пачалося з блоку навін. Вядучая зачытала тэкст расейскай інфармацыйнай агенцыі ТАСС пра тое, як з ініцыятывы Расеі склікаецца тэрміновае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН адносна парушэння тэрытарыяльных вод РФ украінскімі маракамі ў Керчанскім праліве. Каб я быў не ў курсе сітуацыі, то па праслухоўванні тэндэнцыйнай навіны падумаў бы, што насамрэч падступныя ўкраінцы на дапатопным буксіры і двух катарах ледзьве не паставілі пад пагрозу існаванне ўсяго Чарнаморскага флоту РФ з падлодкамі, ракетнымі крэйсерамі і вялікімі дэсантнымі караблямі. У тэкставым паведамленні не прагучала ані слова пра тое, што дзеянні расейскіх маракоў не могуць быць апраўданыя ніякімі прававымі нормамі. Фактычна гаворка ідзе пра збройны напад у стылі самалійскіх піратаў. Далей, паводле закону жанра, будзе выстаўлены рахунак да ўкраінскай дзяржавы за выкуп сваіх людзей.

Такая аднабаковая падача інфармацыі пра вельмі небяспечны канфлікт – цікавы кейс. Калі ўлічыць, што “Радыё Рокс” могуць валодаць тыя ж таварышы, што і мясцовай рэдакцыяй “Рускага Радыё”, то пазлы складаюцца ў адну карцінку. Класічны выпадак інфармацыйнай дыверсіі. Але поўны маштаб сітуацыі я змог ацаніць пазней, калі пасля майго абуранага паведамлення ў сацыяльных сетках калегі пачалі падказваць, што ў той дзень амаль па ўсіх фм-станцыях краіны вядоўцы спасылаліся менавіта на расейскую агенцыю ТАСС. А дзяржаўныя тэлеканалы, у сваю чаргу, некрытычна рэтранслявалі расейскую пазіцыю па канфлікце ў акваторыі Азоўскага мора. На гэтым канкрэтным прыкладзе мы бачым, што беларуская дзяржава абсалютна не кантралюе сваю інфармацыйную прастору, а яе СМІ з’яўляюцца прыдаткамі расейскай прапагандысцкай машыны. Замест аб’ектыўнага і стрыманага інфармавання грамадзян пра сутнасць і значэнне інцыдэнта на Азоўскім моры беларусы атрымалі чарговую дозу лакшыны на вушы. 

Хацелася б удакладніць у гэтым звязку, ці існуе ў нас Міністэрства інфармацыі ўвогуле? Гэтае ж ведамства, здаецца, павінна дбаць пра захаванне кантролю беларускай дзяржавы за інфармацыйнай прасторай. Але яно, відаць, больш занятае змаганнем з журналістамі-фрылансерамі, якія супрацоўнічаюць з “Радыё Рацыя” і “Белсатам”. Супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, міліцыянты і спецслужбісты, відаць, перакананыя, што змаганне з фрылансерамі, якія рыхтуюць сюжэты на сацыяльныя тэмы, – гэта і ёсць пачэсная абарона інфармацыйнай бяспекі. А ў той час радыё- і тэлеэфір краіны практычна рэтранслюе чужую прапаганду, пабудаваную на гіперрэальнасці і хлусні. Выглядае на тое, што ў беларускай дзяржавы перастаў выяўляцца базавы інстынкт самазахавання. У адваротным бы выпадку сітуацыя, калі беларускія журналісты пераследуюцца за праўду, а чужая хлусня наадварот тыражуецца з кожнага праса, была б немагчымай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ