Будслаўскі фэст уключаны ў спіс ЮНЕСКА



28 лістапада Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас 13-й сесіі (Порт-Луі, Маўрыкій) аднагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны „Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)” у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Як адзначае прэс-служба МЗС, Будслаўскі фэст — гэта „адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці, ўрачыстасць, якая адбываецца ў атмасферы ўсеагульнай павагі і дружбы, аб’ядноўвае розныя групы людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендарных адрозненняў”.

Уключэнне беларускага элемента ў спіс ЮНЕСКА з’явілася вынікам шматгадовай сумеснай работы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў пры шырокім удзеле мясцовых органаў улады і супольнасцяў, няўрадавых арганізацый і экспертаў.

У 2009 годзе ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо быў уключаны беларускі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны — святочны калядны абрад „Калядныя цары” ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць).

У 2018 годзе Беларусь таксама накіравала на разгляд камітэта ЮНЕСКА прапанову аб уключэнні „Вясновага абраду „Юроўскі карагод” у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята камітэтам у ходзе яго 14-й сесіі ў снежні 2019 года.

belapan.by