Украдзеныя скарбы Сапегаў з Дзярэчынскага палаца



На рубяжы XVIII-XIX cтагоддзяў Сапегі перавезлі ўсе свае лепшыя зборы ў новы палац, пабудаваны ў Дзярэчыне ў 1786 годзе. Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гадоў і пазней усю маёмасць Сапегаў расейскія ўлады канфіскавалі.

А скарбы Сапегаў рабаваліся нахабна і бязлітасна, іх хутка вывозіліся ў Расею. Сёння проста немагчыма пералічыць усяго, што было ўкрадзена з Дзярэчына і вывезена ў Пецярбург, Царскае Сяло, Маскву і іншыя гарады суседняй дзяржавы. Пра ўкрадзеныя беларускія, у тым ліку і дзярэчынскія скарбы, не раз згадвалі даследчыкі Кастусь Тарасаў, Адам Мальдзіс, Міхась Скобла, Мая Яніцкая і іншыя. Ёсць нават спісы гэтых скарбаў, пачынаючы ад карцін вялікіх мастакоў да кніг, якія знаходзіліся ў бібліятэцы Сапегаў у Дзярэчыне. Былі там творы XVIII стагоддзя Кальмэ, Році, Тамбэ, Русо, Вальтэра, Вергілія, Сервантэса, Марсэ і сотні іншых сусветных аўтараў. Усё вывезлі ў Расею.

Частку мастацкага збору пасля паўстання 1831 года перавезлі ў Беластоцкі палац, які належаў гетману Браніцкаму, а потым хутка адправілі ў Пецярбург і Царскае Сяло, прыхапіўшы і скарбы Браніцкага. З Дзярэчына зніклі 287 карцін вядомых заходнееўрапейскіх мастакоў (Рэйсдаля, Веранезе, Кало, Вярнье і многіх іншых). З іх 185 карцін і 48 мазаічных кампазіцый перадалі ў Эрмітаж, 55 – імператарскай акадэміі мастацтваў, 72 карціны ў 1917 годзе трапілі ў Гатчынскі палац. У Эрмітажы апынуліся і 22 мармуровыя скульптуры, у тым ліку 10 міфалагічных постацяў вялікіх памераў, некалькі бюстаў асобаў старажытнасці. Зніклі з Дзярэчына і апынуліся ў Расіі каштоўныя калекцыі каляровага мастацкага шкла, мэблі і калекцыя графічных твораў у выглядзе эстампаў з карцін заходнееўрапейскіх мастакоў, альбомы па мастацтву і архітэктуры, планы гарадоў, чарцяжы, 287 кодэксаў, якія ўтрымлівалі старажытныя дакументы роду Сапегаў, пераплеценыя як кнігі. Кодэксы трапілі ў Расійскае міністэрства замежных спраў і ў публічную бібліятэку ў Пецярбургу. 

З Дзярэчынскага палаца былі нахабна ўкрадзены і вывезены старажытная зброя, посуд, адзенне, старадаўнія гадзіннікі з боем, манеты, медалі, падсвечнікі, пазалочаныя рамы, вазоны, статуі, сметніцы, іконы, жырандолі, самавары і г.д. і г.д.

Шкада, што ні ўрад БССР, ні сучасныя ўлады не лічаць патрэбным надаць сур’ёзнае значэнне вяртанню нашых каштоўнасцей з Дзярэчынскага палаца, якія ў мінулых стагоддзях былі ўкрадзены і вывезены ў Расею.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя