Анджэй Садоўскі: Тэрмін „праваслаўны паляк” з’явіўся пасля вайны
„Азначэнне „шматкультурны” прыкрывае рэальны вобраз Беластока”, – кажа прафесар.
У беластоцкім універсітэце праходзіць навуковая канферэнцыя пад назвай „Аблічча вялікага горада: установы, арганізацыі, працэсы”. Сацыёлагі, сярод іншага, разважаюць пра шматкультурнасць, лакальны патрыятызм і замежнікаў.
На думку прафесара Анджэя Садоўскага, калі кажуць пра шматкультурнасць, то прыкрываецца шмат важных праблем:
– Як у кожным горадзе ў нас шмат праблемаў. Сцверджаннем таго, што ён шматкультурны, прыкрываецца дамінацыя польскага народа. Устанаўліваюцца пэўныя межы дамінацыі, беларускасць і ўкраінскасць падтрымліваюцца, але вызначаюцца пэўныя межы іх існавання.
Прафесар таксама звярнуў увагу на тое, што пасля Другой сусветнай вайны з’явіўся такі тэрмін, як „праваслаўны паляк”:
– Грамадзянін, таму паляк. З’явіўся сэнсавы злепак, які стаў зручным. Калі кажу, што з’яўляюся палякам або проста праваслаўным, то не выношу навонкі сваё этнічнае паходжанне.
Двухдзённая канферэнцыя завершыцца 30-га лістапада.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя