ЗША разлічваюць на актывізацыю з Беларуссю дыялогу па бяспецы



Злучаныя Штаты цэняць Беларусь за яе ўнёсак у рэгіянальную бяспеку, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур.

„Па меры таго як нашы двухбаковыя адносіны нармалізуюцца, мы спадзяемся таксама на актывізацыю дыялогу з Беларуссю па бяспецы. Акрамя таго, мы высока цэнім прыхільнасць Беларусі адкрытасці і празрыстасці ў сферы кантролю над узбраеннямі, а таксама міжнародным абавязацельствам па ўмацаванні даверу і мераў бяспекі”, — сказала Мур.

На пытанне аб магчымым размяшчэнні ў Польшчы амерыканскай ваеннай базы і наступстваў гэтага кроку дыпламат заявіла: „У цяперашні час істотнай змены ваеннай прысутнасці ЗША ў Польшчы не плануецца. Але ў рамках нашага дыялогу з саюзнікамі і партнёрамі мы рэгулярна абмяркоўваем пытанні камплектавання асабовым складам і паставак тэхнікі”.

Мур таксама адзначыла, што нядаўні візіт у Менск памочніка дзяржсакратара Уэса Мітчэла будзе спрыяць пашырэнню беларуска-амерыканскіх адносін у розных галінах. „Адказнасць за далейшае развіццё адносін ляжыць на ўрадзе Беларусі. Правы чалавека і дэмакратыя з’яўляюцца асновай нашага ўзаемадзеяння з Беларуссю. І ў рамках дыялогу па правах чалавека мы спадзяемся выявіць вобласці, у якіх можам дасягнуць істотнага прагрэсу”, — падкрэсліла дыпламат.

Мур нагадала, што гэты візіт стаў першым на такім узроўні за апошнія 10 гадоў. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем абмяркоўваліся пытанні нармалізацыі двухбаковых адносінаў, рэгіянальнай бяспекі, гандлю і інвестыцый, падтрымкі Злучанымі Штатамі незалежнасці Беларусі.