Жанчына ў грузінскай палітыцы



Перамога лідара партыі “Шлях Грузіі” Саломэ Зурабішвілі не была безумоўнай. Для вызначэння пераможцы ў электаральнай гонцы ЦВК Грузіі давялося праводзіць другі тур. Яе асноўным супернікам, які застаўся ў адным кроку ад перамогі, стаў былы дыпламат і прыхільнік Міхаіла Саакашвілі Грыгол Вашадзэ. У першым туры за ягоную кандыдатуру прагаласавала каля 40% грузінскіх выбарцаў. Вызначальным фактарам, які абумовіў перамогу Саломэ Зурабішвілі, сталася падтрымка кіроўнай партыі “Грузінская мара”, якая кантралюецца мільярдэрам Бідзінам Іванішвілі. Такім чынам, бліжэйшыя некалькі гадоў палітыка новых грузінскіх уладаў будзе ісці ў фарватары папярэднікаў.

У Саломэ Зурабішвілі даволі цікавая біяграфія. Яна нарадзілася ў сям’і заснавальнікаў незалежнай грузінскай дзяржавы, якія былі вымушаныя з’ехаць у Францыю пасля ўсталявання ў Грузіі бальшавіцкай улады ў 1921 годзе. Пасля заканчэння Парыжскага інстытута палітычных навук і Калумбійскага ўніверсітэта ў ЗША яна стала кадравым дыпламатам. На розных пасадах у апараце МЗС Францыі Саломэ прапрацавала каля 30 год. Пасля грузінскай рэвалюцыі ружаў 2004 года яе запрасілі на пасаду міністра замежных справаў Грузіі. Што праўда, у французскай грузінкі супраца з рэвалюцыйным урадам Міхаіла Саакашвілі не заладзілася. Праз шматлікія канфлікты з калегамі Саломэ Зурабішвілі падала ў адстаўку, заявіўшы публічна, што не падзяляе “зліцця бальшавіцкай метадалогіі і чыста амерыканскіх PR тэхналогій”.

Аднак на яе палітычнай рэпутацыі пакінулі шматлікія пляміны неасцярожныя выказванні пра паразу ў расейска-грузінскай вайне 2008 года. Саломэ Зурабішвілі заявіла некалькі разоў пра тое, што ўскосная віна за паразу ляжыць на грузінскай уладзе. Гэтага ёй не могуць дараваць многія грузіны, якія балюча ўспрымаюць адарванне амаль 20% тэрыторыі рэспублікі. Гэты аргумент супраць Саломэ Зурабішвілі актыўна выкарыстоўваў яе апанент Грыгол Вашадзэ. Што цікава, і гэтага грузінскага палітыка пры жаданні можна абвінаваціць у сувязях з Расеяй. Да 2009 года ў яго было расейскае грамадзянства, а ў савецкія часы ён працаваў у структуры МЗС СССР, быў звязаны з аддзеламі, якія курыравалі касмічны напрамак і ядзерныя ўзбраенні. Спецыфіка ягонай працы была наўпрост звязанай з інтарэсамі КДБ.

У цяперашні момант пазіцыі Грыгола Вашадзэ адрозніваюцца ад Саломэ Зурабішвілі больш крытычным стаўленнем да РФ. Але і першага, і другога палітыка ў значнай ступені можна назваць праамерыканскімі. Такім чынам, Грузія бліжэйшыя гады працягне дрэйф у бок інтэграцыі з заходнім светам.

У сітуацыі з перамогай Саломэ Зурабішвілі ёсць такі цікавы нюанс. Упершыню за гісторыю незалежнай Грузіі на чале дзяржавы стала кабета. Нягледзячы на культ сярэднявечнай царыцы Тамары (у грузінскіх сем’ях многія жанчыны носяць гэтае імя), сучаснае грузінскае грамадства трымаецца сваіх патрыярхальных звычак. Змена стаўлення да сацыяльных роляў жанчыны адбываецца пад уздзеяннем глабалізацыі, а таксама інтэграцыі грузінскай гаспадаркі з вядучымі эканомікамі свету. Грузінскія кабеты, згодна шматлікім сацыялагічным даследаванням, больш мабільныя і адкрытыя што да засваення новых кампетэнцый. Ва ўмовах рынкавай Грузіі перад імі адкрыліся новыя перспектывы, што адразу павялічыла ўплыў жанчын на палітыку ў гэтай дзяржаве. Выбар Саломэ Зурабішвілі грузінскімі грамадзянамі – прадказальны вынік дэмакратычнай і гаспадарчай трансфармацыі ў постсавецкай Грузіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ