БАТЭ наблізіўся да плэй-оф Лігі Еўропы
У матчы 5-га туру групавога турніру Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ прымаў на сваім полі венгерскі „Відзі”. Турнірная сітуацыя патрабавала ад чэмпіёна Беларусі толькі перамогі. І ён яе дамогся – 2:0.
У першым тайме БАТЭ выразна дыктаваў свае ўмовы і заслужана дамогся голу. На 22-й хвіліне пасля падавання кутняга Ігарам Стасевічам форвард Мікалай Сігневіч удала падрэзаў мяч па сама нязручнай для галкіпера траекторыі – 1:0.
Госці маглі параўняць лічбы на табло, калі перад самай штрафной сфоліў Ягор Філіпенка. Небяспечны стрэл са штрафнога пад сценкай парыраваў наш брамнік Дзяніс Шчарбіцкі.
У другім тайме чэмпіён Беларусі стараўся ўтрымліваць сваю перавагу і дзеіў на контратаках. „Відзі” перыядычна ствараў напругу ля брамы Шчарбіцкага. Аляксей Бага ў сярэдзіне другога тайма зрабіў замену. Замест знясіленага Аляксандра Глеба на поле выйшаў свежы нападнік Максім Скавыш.
У канцоўцы БАТЭ спярша прыціснуўся да сваёй штрафной. А потым рэзка запрэсінгаваў. На 85-й хвіліне Мірка Іваніч злева ўварваўся ў штрафную суперніка і ў бліжні вугал прабіў галкіпера „Відзі”.
Такім чынам БАТЭ набраў 6 ачкоў дагнаў „Відзі” і перамясціўся на другое месца. Пры роўнасці пунктаў барысаўцы будуць апярэджваць венграў, паколькі маюць перавагу над імі па асабістых сустрэчах (у першым матчы на выездзе БАТЭ таксама выйграў 2:0). Матч „Чэлсі” – ПАОК скончыўся разгромам грэцкага клуба – 4:0.
Становішча ў турнірнай табліцы квартэту такое: 1. „Чэлсі” – 15 ачкоў, 2. БАТЭ – 6, 3. „Відзі” – 6, 4. ПАОК – 3.
БАТЭ для выхаду ў плэй-оф Лігі Еўропы ў заключным матчы ў Грэцыі можа задаволіць і нічыя. Гэта калі „Відзі” дома не выйграе ў „Чэлсі” Тры каманды маюць шанцы перад апошнім турам на другую пуцёўку далей.
У гэты ж дзень кіеўскае „Дынама” пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Аляксандра Хацкевіча перамагло ў гасцях казахстанскую „Астану” 1:0 і датэрмінова забяспечыла сабе першае месца ў квартэце.
Беларускае Радыё Рацыя