Дзярждоўг Беларусі працягвае расці



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 лістапада склаў 45,1 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 2,9 млрд рублёў, або на 6,9%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Пры гэтым знешні дзярждоўг склаў 16,8 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 42,7 млн долараў, або на 0,3%. У студзені—кастрычніку прыцягнутыя знешнія дзяржпазыкі на 1 млрд 997,9 млн долараў ЗША: 739,2 млн — урады і банкі Расейскай Федэрацыі; 600 млн — еўрааблігацыі; 325,9 млн — банкі КНР; 200 млн — ЕФСР; 128,7 млн — МБРР; 4,1 млн — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2018 года склала 1 млрд 809,4 млн долараў ЗША: 800 млн — еўрааблігацыі; 341,4 млн — банкі КНР; 336,8 млн — урад РФ; 264,8 млн — ЕФСР; 64,7 млн — МБРР; 1 млн — ЕБРР і СІБ; 0,7 млн — Таварна-крэдытная карпарацыя ЗША.

Унутраны дзярждоўг на 1 лістапада 2018 года склаў 9,6 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 392,5 млн рублёў, або на 4,3%. За студзень—кастрычнік размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 325,3 млн долараў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 309,8 млн долараў ЗША і 23,1 млн рублёў.

Урад мае намер зрабіць больш жорсткімі падыходы да прыцягнення новых запазычанняў, заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч 29 лістапада ў Менску на міжнародным дзелавым форуме Банка развіцця для замежных партнёраў „Скрыжаванне Беларусь”.

„Сённяшні ўзровень дзяржаўнага доўгу, за які нас крытыкуюць ўнутры краіны, не з’яўляецца празмерным. У межах стратэгіі кіравання дзярждоўгам устаноўленае межавае значэнне яго ўзроўню не больш за 45% да ВУП. На нашу думку, гэты паказчык дазваляе захоўваць цяжар на эканоміку па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу на прымальным узроўні і выгадна адрознівацца ад іншых краін, нават развітых еўрапейскіх, узровень доўгу якіх значна перавышае парогавае значэнне для Беларусі, а тым больш фактычныя паказчыкі, якія мы зараз маем”, — падкрэсліў міністр.

Ермаловіч звярнуў увагу, што паступова паляпшаецца якасць беларускага пазыковага партфеля. „З пункта гледжання Міністэрства фінансаў, краіна не сутыкнецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі па рэфінансаванні сваіх абавязацельстваў у будучыні. Выплаты па знешнім доўгу раўнамерна размеркаваныя па гадах. Да таго ж сумы, якія падлягаюць выплаце, дасягальныя для нас з пункта гледжання аб’ёмаў рэфінансавання. Гэта не стварае рызыкаў дэфолту для краіны”, — адзначыў міністр.

Кіраўнік Мінфіна таксама звярнуў увагу на важнасць адкрыцця новых рынкаў запазычанняў. „У сярэднетэрміновай перспектыве мы бачым выхад на рынкі Азіі і Расейскай Федэрацыі з суверэннай праграмай эмісіі”, — сказаў Ермаловіч.

У 2019 годзе ўрад і Нацыянальны банк павінны накіраваць на выплаты па даўгах 4,9 млрд долараў. Паводле інфармацыі БелаПАН, з гэтай сумы абавязацельствы ўрада складаюць 3,8 млрд долараў, Нацбанка — 1,1 млрд.

Улады маюць намер разлічвацца па сваіх абавязацельствах за кошт пазыковых і непазыковых крыніц. У прыватнасці у 2019 годзе Мінфін мае намер прыцягнуць новыя пазыкі на 1,87 млрд долараў, у тым ліку 370 млн долараў плануецца прыцягнуць на ўнутраным рынку за кошт размяшчэння валютных аблігацый. Яшчэ 1,5 млрд долараў улады збіраюцца пазычыць на знешніх рынках. Як чакаецца, частку даўгавых абавязацельстваў удасца выканаць за кошт непазыковых крыніц.

БелаПАН