Адкрыццё выставы «Хочаш жыць – умей смяяцца» Анатоля Гармазы



30 лістапада а 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі мастацкіх твораў Анатоля Іванавіча Гармазы «Хочаш жыць – умей смяяцца».

Анатоль Іванавіч Гармаза – беларускі мастак-карыкатурыст. Нарадзіўся ў вёсцы Навасады Дзяржынскага раёна. Імкненне жартаваць праз малюнкі з’явілася ў яго яшчэ ў школьныя гады. Першыя вядомыя карыкатуры творцы адносяцца ўжо да 1970-х гадоў, калі ён вучыўся ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. З 1978 года мастак працаваў у выданні «Вожык» – знакамітым беларускім часопісе сатыры і гумару. З 1985 года Анатоль Іванавіч займаў у «Вожыку» пасаду галоўнага мастака.

У 1999 годзе выйшаў першы нумар уласнага выдання творцы –  дзіцячай вясёлай газеты «Шапакляк». На сённяшні час А. І. Гармаза – генеральны дырэктар ААТ «Редакция газеты «Шапокляк»».

У 2016 годзе выйшла кніга карыкатур Анатоля Іванавіча «Простые вещи», у якую ўвайшлі лепшыя работы мастака за апошнія гады.

На часовай экспазіцыі «Хочаш жыць – умей смяяцца» будуць прадстаўленыя жывапісныя і карыкатурныя работы, кнігі з ілюстрацыямі і афармленнямі А. І. Гармазы, граматы і ўзнагароды творцы.

У адкрыцці выставы возьмуць удзел народны калектыў «Дубравушка», спявак Юры Вольпаў, паэты-песеннікі, беларускія мастакі.

Выстава дзейнічае з 30.11 па 20.12 2018 года.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.