Беларусь і Расея цалкам узгаднілі праект пагаднення пра ўзаемнае прызнанне візаў



Беларусь і Расея цалкам узгаднілі праект міжурадавага пагаднення пра ўзаемнае прызнанне візаў. Пра гэта агенцтву ТАСС паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. Падпісаць дакумент плануецца 13 снежня ў Берасці на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. 

Па словах Бегуна, цяпер праект пагаднення накіраваны на ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. „Бакі дамовіліся, што пачнуць усе меры, каб вынесці гэты дакумент на падпісанне на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы”, — заявіў ён.

Пасля таго, як дакумент будзе падпісаны і набудзе моц, нарэшце будзе ўрэгуляванае пытанне транзіту замежнікаў, якія маюць беларускую ці расейскую візы, праз тэрыторыю Расеі ці Беларусі. Як патлумачыў Бягун, замежнікі з расейскай візай змогуць бесперашкодна ўязджаць у Расею з тэрыторыі Беларусі чыгункай, авіятранспартам, а таксама аўтатранспартам па дарогах, вызначаным пералікам. На сёння, як вядома, грамадзяне трэціх краін маюць права трапіць у Расею толькі авіятранспартам. 

„Таксама па праекце пагаднення бесперашкодна на тэрыторыю абедзвюх дзяржаў змогуць ўязджаць замежныя грамадзяне, якія маюць права на часовае пражыванне і пастаяннае месца жыхарства”, — дадаў Бягун.

Ён падкрэсліў, што калі гэта пагадненне набудзе моц да 20 траўня 2019 года, то яно спросціць прыбыццё замежных грамадзян на II Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Менску ў чэрвені.

Фота: france.mfa.gov.by