Марыне Золатавай адмовілі ў спыненні крымінальнага пераследу



Следчы камітэт адмовіў галоўнаму рэдактару інфармацыйна-аналітычнага парталу ТУТ.бай Марыне Золатавай у спыненні крымінальнай справы.

Да гэтага ў адносінах да 14 журналістаў і рэдактараў – фігурантаў так званай “справы БелТА” аб несанкцыянаваным доступе да стужкі навінаў гэтага дзяржаўнага інфармацыйнага агенства, справа была спынена. Усе яны праходзілі па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Адносна  Марыны Золатавай абвінавачванне  больш цяжкае –  па частцы 2 артыкулу  425 Крымінальнага кодэксу – бяздзейнасць службовай асобы:

– Мне адмовілі ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу з прыцягненнем да адміністрацыйнага. Што было прадугледжана 86 артыкулам Крымінальнага кодэксу. Гэта мне паведаміў следчы. У бліжэйшы час я павінна атрымаць афіцыйны адказ па пошце.

Зараз Марына Золатава мае месяц, каб азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

Чаму яна не была спынена, як гэта здарылася з 14 іншымі фігурантамі, Золатава разважаць не бярэцца. Кажа, што пра гэта лепш спытацца ў следчых: „Мабыць, яны маюць нейкі план адносна мяне”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by