Крама Symbal.by атрымала дазвол на распаўсюд друкаваных выданняў



Міністэрства інфармацыі зарэгістравала як распаўсюдніка друкаваных выданняў таварыства з абмежаванай адказнасцю „Сымбаль Бай”, да якога належыць менская крама нацыянальных тавараў Symbal.by. Пра гэта на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” паведаміў кіраўнік крамы і сузаснавальнік культурніцкай пляцоўкі „Арт Сядзіба” Павел Белавус, які 30 лістапада забраў у міністэрстве падпісанае напярэдадні пасведчанне.

Паводле яго слоў, на атрыманне дазволу на распаўсюд кніг яго кампаніі давялося патраціць шэсць месяцаў.

„Мы падавалі — Міністэрства інфармацыі адмаўляла, мы падавалі зноў — адмаўляла, — напісаў Белавус. — Я хадзіў на сустрэчы, грукаўся ў кожны кабінет, размаўляў з адказнымі за гэтыя працэдуры і не вельмі. Галоўнай загадкай для мяне было: чаму так, хто стаіць за галоўным рашэннем, што з намі не так. У выніку зразумеў, што гэта асабістая пазіцыя міністра, мы яму проста не падабаемся, не падабаецца, што мы робім, і, мабыць, нашая пазіцыя, і ён не хоча бачыць нас распаўсюднікамі друкаванай прадукцыі”.

„Але ўсе гэтыя месяцы я спрабаваў даказаць, што гэта няправільна і не можа ў прыняцці рашэння пераважаць суб’ектыўнае меркаванне. Мабыць, пераканаў. І вось сёння мы атрымалі пасведчанне і цяпер можам спакойна пачынаць зноў прадаваць беларускамоўную літаратуру. Так, у нашай краіне прасцей атрымаць ліцэнзію на продаж цыгарэт і алкаголю, чым дазвол на распаўсюджванне кніг. Спадзяюся, гэта хутка зменіцца”, — дадаў кіраўнік Symbal.by.

Напрыканцы кастрычніка кампанія „Сымбаль Бай” атрымала ў Мінінфарме дазвол на распаўсюджванне друкаваных сродкаў масавай інфармацыі — таксама пасля некалькіх спроб на працягу пяці месяцаў.

У ліпені 2017 года культурніцкая пляцоўка „Арт Сядзіба” і крама Symbal.by упершыню за шмат гадоў раздзяліліся фізічна — пераехалі з агульнага офіса ў гандлёвым цэнтры „Маскоўска-Венскі” на праспекце Незалежнасці ў два размешчаныя побач, але асобныя памяшканні на праспекце Машэрава.

Праз пэўны час пляцоўка і крама раздзяліліся ў прававым плане, займеўшы асобную рэгістрацыю ў якасці юрыдычных асоб.

belapan.by

Фота Surprise.by