За Сталіна – пад артыкул!



“У Берасцейскай фартэцыі самавольныя надпісы сталінскай эпохі павінны быць выдалены, банеры са сцэнамі гвалту дэмантаваны, а ў дачыненні да ініцыятараў гэтых работ павінны быць пачаты адміністрацыйныя справы”, – паведамляецца ў facebook-суполцы берасцейскай арганізацыі “За свой горад”. Такі адказ ад Міністэрства культуры Беларусі атрымаў кіраўнік арганізацыі Ігар Маслоўскі, ад імя якой і накіроўваўся зварот:

– Яны ўяўляюць, што гэта яны зараз гераічныя абаронцы Берасцейскай крэпасці, а не з 1941 ці 1939 года. Яны туды свае твары паставілі, а некаторыя з іх нават не служылі ў беларускім войску. Напрыклад, Пеця Піцко не служыў. А ў народзе кажуць: калі не служыў – дык і не мужык. І цяпер гэты “немужык” бегае з пісталецікам і знаходзіцца на адным з гэтых банераў. Відаць, не нагуляўся ў дзяцінстве. І адпаведна адрэагавала Міністэрства культуры.

Ідэя “аднаўлення” надпісаў сталінскай эпохі, а таксама размяшчэння банераў са сцэнамі гвалту належыць былому БРСМ-аўскаму функцыянеру, а цяпер кіраўніку Патрыятычнага цэнтра, які месціцца ў фартэцыі, Пятру Піцко. У адной з размоваў з журналістамі на гэтую тэму Пятро паведаміў, што не бачыў нікога з чыноўнікаў ад міністэрства на тэрыторыі цэнтра, дзе размешчаны гэтыя надпісы і банеры:

– Калі я атрымаю загад, прамое ўказанне вярнуць гэтую тэрыторыю да першапачатковага выгляду (параскідаць тут бутэлькі, шпрыцы, зрабіць вокны зноў агідна забітымі дошкамі, забрудзіць падваконнікі, закаркаваць вентыляцыю) – я гэта зраблю. Я выконваю загады. Але тое, што тут зроблена, зроблена не мной, а берасцейцамі, народам.

Грамадскія актывісты маюць намер кантраляваць сітуацыю вакол Патрыятычнага цэнтра і публікаваць звесткі пра асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці з гэтай нагоды.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: facebook.com/zasvojgorod