Рух “За Свабоду” патрабуе ад беларускіх уладаў перагляду вайсковых адносін з Расеяй



Рух “За Свабоду” патрабуе перагледзець вайсковыя адносіны з Расейскай Федэрацыяй пасля “нападу расейскіх ваенна-марскіх сілаў на ўкраінскія караблі ў Керчанскім праліве”. У прынятай заяве рашуча асуджаюцца дзеянні Масквы, якія, на думку арганізацыі, “сведчаць пра існаванне рэальнай пагрозы незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх суседзяў Расеі, у тым ліку і нашай дзяржавы”.

Прынятую заяву каментуе старшыня Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч:

Так, мы паслядоўныя ў гэтым пытанні. Мы разумеем, што Расейская Федэрацыя – гэта адзіны агрэсар, які ёсць у нашым рэгіёне. Быць саюзнікам гэтага агрэсара азначае рана ці позна быць уцягнутым у нейкія канфліктныя ваенныя дзеянні. Беларусі гэта не патрэбна. Тым больш, афіцыйны статус нашай краіны прапісаны ў Канстытуцыі, таму гэта вынікае папросту з таго, што адбываецца зараз у свеце. Мы павінны трымацца падалей ад такіх саюзнікаў.

“У афіцыйных сродках масавай інфармацыі надалей транслюецца выключна пазіцыя расейскага боку адносна канфлікту ў Керчанскім праліве”, – працягвае палітык:

– Відавочна, што Беларусь застаецца пад уплывам расейскіх СМІ. І сённяшнія ўлады нічога не могуць з гэтым зрабіць. Гэтую праблему трэба вырашаць таксама ў комплексе. Бо калі Аляксандр Лукашэнка пасля 2014 года зразумеў, што з такім саюзнікам не па дарозе, то трэба рабіць рэальныя захады, каб як мага больш змяншаць і эканамічную, і палітычную, у тым ліку медыйную залежнасць ад Расейскай Федэрацыі.

Прыгадаем, што ў дзесяці рэгіёнах Украіны на 30 дзён уведзенае ваеннае становішча. Прычынай стаў інцыдэнт 25 лістапада, калі памежная служба ФСБ Расеі абстраляла і затрымала тры ўкраінскія ваенныя караблі ў раёне Керчанскай пратокі. Затрыманыя судны адбуксіравалі ў Керч, іх агульны экіпаж складае 23 чалавекі, з якіх шасцёра атрымалі раненні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя