Берасце: На плошчы сабралася каля 120 праціўнікаў завода АКБ
У Берасці на плошчы Леніна 2 снежня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
Сёння на плошчы было каля 120 чалавек. Яны абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, у прыватнасці, падачу заявак на правядзенне мітынгаў і дэманстрацыі.
30 лістапада былі пададзеныя заяўкі на правядзенне 15 снежня дэманстрацыі ў Берасцейскім раёне „Заводу тут не месца” побач з будпляцоўкай, а таксама на 16 снежня ў Берасці — двух мітынгаў „Берасцейцы супраць акумулятарнага завода”. Мэта масавых мерапрыемстваў — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”, інфармаванне грамадзян пра шкоду вытворчасці для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.
Як адзначалі сёння праціўнікі завода, яны не спадзяюцца, што чыноўнікі дазволяць акцыі. Адзін з жыхароў горада заявіў, што „ўлады проста баяцца ўбачыць рэальны стан рэчаў, паглядзець праўдзе ў вочы”.
Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі распавёў пра вынікі апытання, якое ён праводзіў 1 снежня на працягу гадзіны на пешаходнай вуліцы Савецкай у Берасці. Паводле яго слоў, „амаль год улады спрабуюць даказаць людзям, што акумулятарны завод не прынясе шкоды навакольнаму асяроддзю і здароўю мясцовых жыхароў”. Ён паведаміў, што практычна ўсе апытаныя супраць будоўлі. „Толькі два чалавекі сказалі, што не супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Астатнія не хочуць, каб акумулятарны завод быў пабудаваны паблізу Берасця”, — распавёў палітык.