У Атаве з’явіцца помнік ахвярам камунізму
У Атаве ў пачатку 2019 года адбудзецца адкрыццё помніка ахвярам камунізму. Скульптурная кампазіцыя зойме цэлую плошчу насупраць Нацыянальнай бібліятэкі Канады.
Грошы на ўсталяванне манументальнай кампазіцыі давала ў тым ліку і беларуская дыяспара, пра гэта нашаму радыё сказала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:
– Паклалі першы камень помніка ахвярам камунізму ў свеце. Канадыйскі ўрад дасць палову грошай, і палову сабралі між людзьмі з краін, якія пацярпелі ад камунізму. Мы таксама там былі, нас запрашалі. Мы спрычыніліся таксама да збору тых сродкаў. У пачатку наступнага года будуць адкрываць гэты манумент. Безумоўна, найбольш далі грошай канадыйцы, якія паходзяць з краін, якія ім дапамаглі. Напрыклад, латышы далі вялікую суму.
Як паведаміў мясцовы ўрад, помнік будзе сімвалізаваць ролю Канады як краіны, якая прытуліла тысячы ахвяраў камуністычных рэжымаў, а таксама засведчыць, што гэтыя людзі не забытыя і атрымалі ў дэмакратычным грамадстве неабходную падтрымку.
Цалкам размова з Івонкай Сурвілай слухайце ў далучаным гукавым файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя