Міхневіч абмеркаваў з еўракамісарам праблемы паставак на рынак ЕС
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўразвязе Аляксандр Міхневіч 30 лістапада сустрэўся з еўракамісарам па ахове здароўя і бяспецы харчавання Віцянісам Андрукайцісам.
Перамовы адбыліся па ініцыятыве беларускага боку, паведамляе пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні „ліквідацыі нетарыфных гандлёвых бар’ераў ЕЗ, якія перашкаджаюць пастаўкам беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на еўрапейскі рынак, у тым ліку атрымання беларускімі прадпрыемствамі права на экспарт птушкі ў Еўразвяз, а таксама на транзіт праз яго тэрыторыю мяса буйной рагатай жывёлы”.
Абмяркоўваліся таксама пытанні доступу еўрапейскай харчовай прадукцыі на рынкі Беларусі і ЕАЭС.
„Бакі прааналізавалі працу, праведзеную экспертамі Беларусі і ЕЗ пасля рабочага візіту еўракамісара ў Рэспубліку Беларусь 27—28 жніўня бягучага года і яго сустрэч з кіраўніцтвам беларускага ўрада, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя і МЗС, — паведамілі ў пасольстве. — Па выніках сустрэчы дэлегацыі вызначылі парадак дзеянняў, якія трэба прыняць у першую чаргу для дасягнення хутчэйшага кампрамісу ў пытаннях, што цікавяць абодва бакі”.
Таксама дасягнутая дамоўленасць аб працягу дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ па гэтай тэматыцы.