Бедны Кант



Заснавальнік нямецкай класічнай філасофіі Імануіл Кант, відаць, ікае сабе на тым свеце. У чым яго толькі за апошнія тыдні некаторыя патрыёты Расеі не абвінавачвалі. І ў тым, што здрадзіў радзіме, хоць філосаф нарадзіўся і памёр у прускім горадзе Кёнінгсбергу. І нават у тым, што пісаў незразумелыя кнігі.

Пра беднага Канта закіньце слоўца. Не пашанцавала філосафу нарадзіцца і памерці ў Кёнінгсбергу, які цэлыя сем гадоў у 18 стагоддзі знаходзіўся пад акупацыяй Расейскай імперыі. Кант хоць і жыў у Прусіі, аднак некаторы час быў усё-такі падданым іншай краіны. Аднак яшчэ больш Канту не пашанцавала праз пару стагоддзяў пасля ягонай смерці, калі Кёнінгсберг стаў Калінінградам. Так мысляр, хоць і лічыцца роданачальнікам класічнай нямецкай філасофіі, аднак ягоная магіла знаходзіцца ў расейскім Калінінградзе.

У Расеі праходзіў праект “Вялікія імёны Расеі”, падчас якога адбывалася галасаванне за дадатковыя імёны для расейскіх аэрапортаў. У Калінінградзе барацьба разгарнулася паміж чатырма нябожчыкамі: імператрыцай Елізаветай Пятроўнай, філосафам Кантам, маршалам Аляксандрам Васілеўскім і героем Савецкага Саюза Іванам Чарняхоўскім. З гэтай нагоды кіраўнік штаба Балтыйскага флоту Расеі, віцэ-адмірал Ігар Мухаметшын выступіў перад падначаленымі з цэлай прамовай. Ён агітаваў галасаваць за маршала Савецкага Саюза Аляксандра Васілеўскага. У сваю чаргу Канта расейскі патрыёт Мухаметшын назваў здраднікам радзімы, які пісаў нейкія незразумелыя кнігі, якія ніхто з прысутных ніколі не чытаў і чытаць не будзе. Заўважце, падобнае сказаў не нейкі матрос, а віцэ-адмірал. А гэтая пасада прадугледжвае наяўнасць нейкай адукацыі. Як пісаў Кант у “Адказе на пытанне” “Што такое Асвета?”: “Май мужнасць карыстацца ўласным розумам”. Хтосьці за 234 гады гэтаму так і не навучыўся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ