Замежнікі з беларускай візай змогуць уязджаць на тэрыторыю Расеі



Замежнікі з беларускай візай змогуць уязджаць на тэрыторыю Расеі і знаходзіцца там на працягу ўсяго тэрміну яе дзеяння, заявіў журналістам 4 снежня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Паводле яго слоў, аналагічныя правілы будуць дзейнічаць і для замежнікаў з расейскай візай у Беларусі. Гэта прадугледжана праектам беларуска-расейскага пагаднення аб узаемным прызнанні віз. Дакумент плануецца падпісаць у найбліжэйшы час.

„Пагадненне прадугледжвае, што замежныя грамадзяне, якія маюць візу адной краіны, могуць уязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі іншага боку на працягу тэрміну дзеяння візы. Для знаходжання на тэрыторыі Беларусі і Расеі не трэба будзе атрымліваць дзве візы — дастаткова будзе адной. Так званы „міні-Шэнген” без уніфікацыі візавых правілаў”, — сказаў Бягун.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь у рамках бязвізавага рэжыму, для наведвання Расеі павінны будуць атрымліваць адпаведную візу.

Бягун таксама паведаміў, што Менск настойвае, каб пагадненне аб узаемным прызнанні віз набыло моц да 20 мая 2019 года з улікам таго, што з гэтага часу пачынае дзейнічаць перыяд бязвізавага ўезду ў Беларусь для замежных грамадзян, якія маюць акрэдытацыю на II Еўрапейскія гульні.

Паводле слоў Бегуна, расейскі бок у сувязі з дзеяннем дамовы паабяцаў зняць кантроль у сваіх аэрапортах на рэйсах з Беларусі, бо ў ім не будзе неабходнасці.

Падрыхтаванае пагадненне таксама прадугледжвае інтэграцыю інфармацыйных рэсурсаў. „Мы будзем абменьвацца звесткамі пра перасячэнне мяжы, выдадзеныя візы, ануляваныя візы, дазволы на часовае альбо пастаяннае пражыванне”, — сказаў Бягун.

БелаПАН