Аляксандр Лукашэнка: Беларусь з Лукашэнкам на Захадзе абсалютна не патрэбная



„Беларусь з Лукашэнкам на Захадзе абсалютна не патрэбная”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Россия 24”, поўная версія якога была паказаная 4 снежня.

Інтэрв’ю было запісанае ў Менску 29 лістапада.

„Тут павінна быць іншая ўлада, каб з распасцёртымі абдымкамі мяне сустракалі на Захадзе”, — сказаў ён. „Але мы хочам з імі супрацоўнічаць, таму што гэта найвышэйшыя тэхналогіі, гэта нашы суседзі, з якімі мы працуем і гандлюем, — падкрэсліў Лукашэнка. — І мы хочам супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі Амерыкі, таму што гэта прэміяльны рынак. Што мы там ні прадаем, гэта заўсёды даражэйшае. З задавальненнем купляюць”.

Жаданне Беларусі супрацоўнічаць з заходнімі краінамі не азначае, што „мы ад кагосьці кудысьці адвярнуліся”, заявіў Лукашэнка. „Мінуў той час, калі я мог кудысьці адварочвацца”, — дадаў ён.

belapan.by