На газету „Новы час” зноў падалі ў суд



Як паведамляе выданне, 5 снежня раніцай галоўны рэдактар газеты Аксана Колб атрымала СМС-паведамленне з суда Савецкага раёна Менска. У ім гаворыцца, што газету 17 снежня выклікаюць у суд „у якасці адказчыка па іску Зайдэса Л.Л. аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды”.

Сам іск накіраваны па пошце, яго рэдакцыя павінна атрымаць цягам пяці дзён.

Леанід Зайдэс з’яўляецца ўладальнікам рэстарана „Паедзем паядзім”, які пабудаваны побач з месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. З 31 траўня каля рэстарана праходзяць пратэсты супраць яго працы.

Раней на „Новы час” у суд падаваў вядомы бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч у сувязі з публікацыямі артыкулаў пра будаўніцтва рэстарана „Паедзем паядзім”. Ён патрабаваў у якасці кампенсацыі ад газеты 40 тысяч рублёў і яшчэ тысячу — ад аўтара матэрыялаў Дзяніса Івашына.

Як палічыў Ізраілевіч, з апублікаваных артыкулаў вынікае, што менавіта ён і ТАА „ІВ”, якое належыць яму, з’яўляюцца канчатковым бенефіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарана „Паедзем паядзім”, які выклікаў супярэчлівыя водгукі ў грамадстве. Пры гэтым бізнесмен адмаўляў усякую сувязь з забудоўшчыкам рэстарана ў Курапатах ТАА „Белрэстінвест”.

10 верасня суд Савецкага раёна Менска адмовіўся задаволіць іск Ізраілевіча да газеты „Новы час”.

belapan.by