Дзяніс Івашын: Сваю рэпутацыю Зайдэс пашкодзіў сам



Прадпрымальнік Леанід Зайдэс падаў у суд на газету «Новы Час». Рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб раніцай 5 снежня атрымала смс-ку з суда Савецкага раёна Менска. 

Сваё стаўленне да будучага працэсу каментуе журналіст Дзяніс Івашын, які друкаваў серыю матэрыялаў аб тым, каму належыць рэстаран «Поедим поедим» у Курапатах.

– Цалкам мажліва, што пакуль прэтэнзіі толькі да рэдакцыі газеты “Новы час”. Папярэдне не магу пра гэта нічога сказаць, таму што невядома, якая публікацыя. Невядома таксама пра суму зыску маральнага адшкадавання. Цягам пяці бліжэйшых дзён гэта будзе вядома – і сума маральнай шкоды, якую ён патрабуе ад “Новага часу”, і якія матэрыялы маюцца на ўвазе.

На думку Дзяніса Івашына, уласнікі «Поедим поедим» у Курапатах сваімі дзеяннямі самі псуюць сваю рэпутацыю.

– Сваімі дзеяннямі яны знішчаюць дзелавую рэпутацыю, якую яны будавалі дзесяцігоддзі. Таму што пабудова і адкрыццё забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Поедим поедим” у ахоўнай зоне народнага мемарыялу Курапаты, гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, гэта і ёсць знішчэнне сваёй дзелавой рэпутацыі.

Дзяніс Івашын і рэдакцыя “Новага Часу” ўжо выйгралі ў верасні 2018 года падобны суд ў  бізнэсмэна Аркадзя Ізраілевіча, які таксама ўзгаданы ў расследаваннях Івашына пра рэстаран «Поедим поедим» у Курапатах.

Беларускае Радыё Рацыя