Беларусь і Літва падпісалі праграму супрацы ў галіне турызму



У Менску падпісана праграма супрацы ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам гаспадаркі Літвы на 2019—2020 гады. Дакумент падпісаны 5 снежня ў час пасяджэння сумеснай камісіі па выкананні беларуска-літоўскага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, падпісанага 6 лютага 2002 года.

Як паведаміла прэс-служба Мінспорту і турызму, беларускую дэлегацыю на перамовах узначальваў намеснік міністра Міхаіл Кравец, літоўскую — віцэ-міністр Гядымінас Мішкініс.

Бакі абмеркавалі стан спраў у сферы турызму, перспектывы ўмацавання супрацы. Разгледзелі прасоўванне турыстычных магчымасцяў Менска і Вільні, курорта Друскінінкай, развіццё аграэкатурызму, санаторна-курортнага адпачынку, сферы гасцінічнай гаспадаркі ў краінах і іншыя сферы.

У 2017 годзе Літву наведаў амаль мільён беларускіх турыстаў, на 17% больш, чым годам раней. Беларусы часцей, чым грамадзяне іншых краін, заставаліся ў Літве на адну ноч і больш. Сярэднестатыстычны беларускі турыст пакідае ў Літве 345 еўра.

БелаПАН