У жыхара Магілёўскага раёна знойдзены склад зброі і боепрыпасаў



Магілёўскія следчыя расследуюць справу 63-гадовага пенсіянера, які падазраецца ў захоўванні зброі і боепрыпасаў.

Як паведамілі ва УСК па Магілёўскай вобласці, 6 лістапада ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі ўпраўлення ГУБАЗіК па Магілёўскай вобласці ў хляве і гаражы прыватнага дома ў вёсцы Канстанцінаўка Магілёўскага раёна знайшлі абрэз вінтоўкі сістэмы Маўзера ўзору 1898 года, пісталет сістэмы Токарава „ТТ” узору 1933 года, а таксама ствол да гэтага пісталета. Акрамя таго, былі знойдзены 42 патроны рознага калібру ад 7,62 мм да 9 мм.

Экспертыза ўстанавіла, што прадметы з’яўляюцца агнястрэльнай зброяй, а боепрыпасы прыдатныя для стральбы.

Мужчына затрыманы, цяпер з ім працуюць следчыя, якія высвятляюць датычнасць пенсіянера да іншых злачынстваў у рэгіёне.

belapan.by

Фота УДКСЭ па Магілёўскай вобласці