Юрась Губарэвіч: Лукашэнка спрабуе захаваць твар
Публічныя спрэчкі паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі на паседжанні Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады ў Санкт-Пецярбургу паказалі, што праблемы паміж краінамі далёка не вырашаныя.
Па меркаванні старшыні Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча, Аляксандр Лукашэнка спрабуе ў адносінах з кіраўніцтвам Расеі захаваць твар. Аднак чым далей, тым складаней яму гэта рабіць:
– Эканамічная залежнасць татальная. Адсутнасць жадання ісці на нейкія рэформы ўнутры Беларусі прыводзяць да таго, што трэба шукаць знешнія грошы для падтрымання штаноў, для падтрымання вось гэтай палітыкі. Унутраныя рэсурсы таксама не дапамагаюць, бо ізноў вярнуліся да ідэі абкласці падаткам асобаў, якія не маюць працы ў Беларусі. Карацей, сітуацыя складаная. І наўрад ці ў яго ёсць вялікае поле для манёўра.
Можна спасылацца на нейкія міждзяржаўныя дамовы, можна казаць пра правілы і ўмовы, якія ёсць у Мытным звязе, альбо ў Еўразійскай эканамічнай прасторы. Аднак па паводзінах Расеі бачна, што яна абыякава ставіцца нават да падпісаных міждзяржаўных і міжнародных дамоўленасцяў. Яскравы прыклад – яе ранейшыя дамоўленасці з Украінай. І з беларускімі дамоўленасцямі адбываецца тое ж самае, – кажа Юрась Губарэвіч.
Генадзь Барабарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Віктар Гіліцкі