Кансультатыўны савет па падатковай палітыцы з’явіцца пры Мінфіне



Кансультатыўны савет па падатковай палітыцы плануецца стварыць пры Міністэрстве фінансаў, паведаміла дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне рабочай групы пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, якая займалася дапрацоўкай Падатковага кодэкса. Было ўзнятае пытанне далейшага ўдасканалення падатковага заканадаўства і ўдзелу ў гэтым працэсе прадстаўнікоў дзелавой супольнасці.

„Мінфін прапанаваў стварыць кансультатыўны савет пры Міністэрстве па пытаннях падатковай палітыкі. Мяркуецца, што гэта будзе пастаянна дзейны савет, у межах якога бізнес зможа ініцыяваць прапановы аб паляпшэнні падатковага заканадаўства і фіскальнай сістэмы”, — растлумачыла Тарасевіч.

На яе думку, першы крок на гэтым шляху ўжо зроблены. „Падатковы кодэкс у 2019 годзе стане больш простым і зразумелым у параўнанні з дзейнай рэдакцыяй, але ён усё роўна застаецца досыць складаным для разумення дакументам”, — адзначыла Тарасевіч.

На яе думку, працу па паляпшэнні як падатковага заканадаўства, так і правапрымяняльнай практыкі трэба працягваць.

„На наш погляд, неабходна надаваць больш увагі не спрашчэнню падатковага адміністравання, а тэме зніжэння падатковага і непадатковага цяжару на бізнес. Усе гэтыя пытанні звязаныя з падатковай рэформай”, — адзначыла Тарасевіч.

Кіраўнікі бізнес-саюзаў таксама паведамілі, што пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, якая ўвойдзе ў сілу з 2019 года, настойвалі на прыняцці больш ліберальных падыходаў.

„Правяральшчык на падставе ўсяго толькі падпісанага акта праверкі можа заблакаваць (арыштаваць) рахункі прадпрыемства. Кампанія яшчэ не абскардзіла рашэнне супрацоўнікаў органаў кантролю, а рахункі ўжо заблакаваныя. З нашага пункта гледжання, павінна быць магчымасць аспрэчыць акт праверкі, і толькі пасля таго, як пярэчанні будуць падрыхтаваныя і разгледжаныя, падатковы орган можа нешта рабіць з рахункамі кампаніі”, — адзначыў старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Ён выказаў надзею, што такія ліберальныя нормы ўвойдуць у новую рэдакцыю Падатковага кодэкса.

Як паведамлялася, да 7 снежня праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса урад планаваў унесці ў парламент. Мяркуецца, што кодэкс у новай рэдакцыі ўвойдзе ў сілу 1 студзеня 2019 года.

belapan.by