У Глыбокім узгадалі Уладзіміра Караткевіча



Беларускі рамантык” – імпрэза ў гонар Уладзіміра Караткевіча прайшла ў Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэцы. Яе зладзілі работнікі бібліятэкі сумесна з наведвальнікамі курсаў “Мова нанова”.

Напачатку мерапрыемства ўзгадалі біяграфічныя звесткі пра пісьменніка, паказалі мультымедыйную прэзентацыю. А пасля прысутныя распавядалі свае ўспаміны пра першыя ўражанні ад творчасці вядомага пісьменніка.

У пачатку 2000-х, калі я пераходзіў да беларускасці, я ўзяў ягоную кніжку «Каласы пад сярпом тваім». Нешта ў гэтай кнізе ёсць, што натхняе да глыбіні, за ўсё бярэ. Чаму мы такія, якія ёсць. Там і змаганне за сваё.

– «Дзікае паляванне караля Стаха». Настрой нейкай невядомай Беларусі. І ты думаеш, мая гэта гісторыя ці не. Прывыклі ў школе, што партызаны, а тут нейкае ХІХ стагоддзе, і не разумееш, чыя гэта гісторыя. Пасля фільм «Чорны замак Альшанскі», дзе таксама настрой таямніцы. Што за Беларусь такая? Гэта пачатак, што ў Беларусі ёсць нейкая другая гісторыя, а не толькі Кіеўская ды Маскоўская Русь.

Падчас імпрэзы прысутныя чыталі вершы Уладзіміра Караткевіча і слухалі іх у выканні іншых чытальнікаў. А таксама знаёміліся з кніжнай выставай твораў пісьменніка, якую падрыхтавалі работнікі бібліятэкі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі