Яўген Вапа: БАС – гэта Беларускі астравок свабоды



Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы адзначае 30-годдзе свайго існавання. Арганізацыя ўзнікла ў 1981 годзе. У камуністычныя часы студэнты некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць аб’яднанне, але дамагліся гэтага ад улады толькі ў канцы 1988 года.

Кажа першы старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Яўген Вапа:

– З перспектывы часу гэтыя 30 гадоў праляцелі маланкава. Так ёсць з чалавечым жыццём, што памятаеш даўнейшае, а не ўчорашняе. Падзеі, якія фармавалі мяне як асобу, нас, нашае пакаленне, застаюцца на ўсё жыццё. Тыя падзеі пакінулі вялізны след на нашым далейшым жыцці. Выбар на карысць беларускасці і БАСа быў важным. Беларускае аб’яднанне студэнтаў можна таксама расшыфраваць як Беларускі астравок свабоды. Гэта тое, што дало Беларускае аб’яднанне студэнтаў беларусам у Польшчы, а таксама беларускай прасторы на ўсім свеце. Гэта феномен беларускай меншасці ў сацыялістычнай Польшчы, які быў запачаткаваны ў 80-х гадах па-за межамі сваёй духоўнай Бацькаўшчыны. Тады не было ніякіх нефармальных моладзевых структур ці чагосьці падобнага. Пакаленне вясковай студэнцкай і вучнёўскай моладзі сустрэлася з гарадскім пакаленнем, знайшло супольную мову, бо адчувала патрэбу ў дзеянні. Беларусы з правінцыйных гарадоў, якія станавіліся польскамоўнымі, адчувалі прагу вяртання да дзядоў. Яны сустрэліся з яшчэ моўным сялянскім пакаленнем. Стваралася нешта такое, што дало апірышча. Я думаю, што менавіта з-за гэтага была такая разнастайнасць дзейнасці, бо прыходзілі людзі з розных асяроддзяў, якія мелі розныя зацікаўленні і ідэі. Калі студэнцкая арганізацыя нацыянальнай меншасці ператрывала ўсе закалоты, то гэта значыць, што беларускасць на Беласточчыне не зацюканая і не апошняя.

Для нас, па-першае, было важным вяртанне гістарычнай спадчыны. Па-другое, спазнаванне малой Бацькаўшчыны. Выдаваўся часопіс беларускіх студэнтаў у Польшчы. Пасля ў „Ніве” з’явілася старонка „Прысутнасць”. Вялася самаадукацыйная дзейнасць, якая была важным элементам. Наладжваліся кантакты з клубамі ў Беларусі – Гародні ды Менску. З тых часоў мы надалей сябруем з людзьмі, якія былі ля вытокаў нефармальнага студэнцкага руху Беларусі.

РР: Як лічыце, што з перспектывы 30-ці гадоў самае важнае? 

– Я таксама над гэтым задумваўся. Я ўяўляю, якім зусім іншым быў бы БАС, калі б былі нармальныя адносіны з Рэспублікай Беларусь. Якой была б роля БАСа для маладых людзей: супрацоўнічаць з нармальнымі беларускімі арганізацыямі Беларусі і шукаць пацверджанне сваёй тоеснасці тут, у нас, з асіміляванай Беласточчыны, з асіміляванай моладзі Польшчы пры нармальных краязнаўчых і турыстычных паездках у Беларусь. Калі б гэта было зусім інакш, якая б аграмадная роля такіх арганізацый была б.

Гледзячы з перспектывы часу, мы тады жылі ў час пераменаў, а цяпер маладыя людзі, на жаль, жывуць у час стагнацыі, абсалютнага кан’юнктуралізму ў выглядзе БРСМ. Для мяне тое, што засталіся людзі, якія яшчэ бачаць патрэбу ў існаванні БАСа, сведчыць пра тое, што адметнасць якраз у беларускасці. БАС даў імпульс, штуршок да таго, што ёсць такія беларускія арганізацыі, дзе ёсць плюралізм і дэмакратыя. БАС вучыў нас талерантнасці поглядаў і іх прыняцця.

РР: Адно з дасягненняў – гэта Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”.

–  Так, бо гэта замацавала беларускасць у музычна-моладзевым асяродку.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя