Рассельгаснагляд адмяніў яшчэ некалькі часовых абмежаванняў
Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе 7 снежня адмяніла часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею малочнай прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, адмененая забарона на ўвоз масла, сыру, тварагу і тварогавай прадукцыі, а таксама сухой малочнай сыроваткі, якія вырабляюцца Браслаўскім філіялам УВП „Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”. Знятыя абмежаванні на пастаўкі сыру ААТ „Маладзечанскі малочны камбінат”.
Рассельгаснагляд таксама пашырыў пералік прадукцыі, якую дазволена ўвозіць у РФ ААТ „Мілкавіта”, — гэта натуральнамалочная прадукцыя гэтай кампаніі.
Рашэнне, растлумачылі ў ведамстве, „прынятае паводле вынікаў двухбаковых кансультацый, праведзеных 16 і 30 кастрычніка, а таксама з улікам пададзенай на адрас Службы інфармацыі і гарантый Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь”.
Пры гэтым прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расею з названых беларускіх прадпрыемстваў, павінна быць выпрацаваная не раней за 7 снежня 2018 года, а таксама суправаджацца электронным ветэрынарным сертыфікатам.