Беларускія дзеці наведаюць Падляшша



Візіт беларускіх дзяцей на Падляшша. Амаль 250 дзяцей, якія вывучаюць польскую мову ў Гародні і Менску, прыедуць 8 снежня на Падляшша. Яны наведаюць Беласток і Супрасль дзякуючы акцыі пад назвай “Падорым дзецям свята”, якую ладзіць беластоцкі Фонд дапамогі дзецям з Гарадзеншчыны.

“Галоўная мэта нашай акцыі – наблізіць маладым гасцям  з Беларусі польскую культуру і мову”, – кажа старшыня фонду Рафал Церняк:

– Асноўнай мэтай гэтай акцыі з’яўляецца падтрыманне кантакту з Польшчай, шанаванне польскіх нацыянальных традыцый і свята Божага Нараджэння. І, вядома, гэтая мэта мае крыху забаўляльны характар, бо гэта сустрэча са святым Мікалаем, тэатр, чараўнік, кулік. Дзеці прыязджаюць на адзін дзень, але наша акцыя “Падорым дзецям свята” будзе працягвацца дзесьці да паловы студзеня: гэта сустрэчы на Беларусі, падарункі для дзяцей і іх сем’яў.

Фонд дапамогі дзецям з Гарадзеншчыны падобныя акцыі арганізуе з 2001 года ў перадсвяточны перыяд. Сёлетняя акцыя ладзіцца дзякуючы фінансавай падтрымцы польскага Сената ў рамках падтрымкі Палоніі і палякаў за мяжой.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: fundacja.sos.pl