Спроба захаваць твар
Публічныя спрэчкі паміж прэзідэнтамі Расеі і Беларусі на паседжанні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу паказалі, што праблемы паміж краінамі далёка не вырашаныя.
Па меркаванню кіраўніка Руху”За свабоду” Юрася Губарэвіча, Аляксандр Лукашэнка спрабуе ў адносінах з кіраўніцтвам Расеі захаваць твар. Аднак чым далей, тым складаней яму гэта рабіць.
Юрась Губарэвіч: Эканамічная залежнасць татальная. Адсутнасць жадання ісці на нейкія рэформы ўнутры Беларусі прыводзяць да таго, што трэба шукаць знешнія грошы для падтрымання штаноў, для падтрымання вось гэтай палітыкі. Унутраныя рэсурсы таксама не дапамагаюць, бо ізноў вярнуліся да ідэі абкласці падаткам асобаў, якія не маюць працы ў Беларусі. Карацей, сітуацыя складаная. І наўрад ці ў яго ёсць вялікае поле для манёўра. Можна спасылацца на нейкія міждзяржаўныя дамовы, можна казаць пра правілы і ўмовы, якія ёсць у мытным звязе і гэтай еўразійскай эканамічнай прасторы. Аднак мы бачым па паводзінам Расеі, што яны абсалютна абыякава ставяцца да любых міжнародных умоваў, якія падпісвае гэтая краіны. Тут можна прывесці прыклады ўварвання на тэрыторыю Украіны, анэксію Крыма, працяглыя спробы ўплываць на сітуацыю не толькі ў гэтай нашай суседцы, але і па ўсім свеце. Яны праводзяць такую ж самую палітыку і ў дачыненні да Беларусі. І спатрэбіцца ўвесь талент і мастацва перамоваў Аляксандра Лукашэнкі, назапашаныя больш чым за два дзясяткі гадоў адносінаў з Крамлём, каб неяк выкруціцца з гэтай сітуацыі…
Людміла Гразнова, былы дэпутат Вярхоўнага савету 13 склікання: Тая эканамічная мадэль, якая абрана ў Беларусі, вельмі ненадзейная. І ўлады гэта адчуваюць. Раней трымаліся на дастаткова вялікіх рэсурсах, якія ішлі з Расеі. Зараз гэтага становіцца ўсё меней і меней. Гэта „падушка” змяншаецца. Таму і ўпэўненасць у стабільнасці фактычна сыходзіць з пад ног. Таму прыйдзецца вельмі мяняцца і рабіць рэформы ў Беларусі, рэформы рынкавага характару, ісці на прыватызацыю. Зараз у краіне сітуацыя вельмі складаная ў эканамічных адносінах. І гэтыя эканамічныя складанасці патрабуюць палітычных зменаў. Расеі таксама неабходна рэфармаванне беларускай эканомікі, паколькі ў такім выпадку яна можа атрымаць частку беларускай уласнасці. Яна так ці інакш будзе ўдзельнічаць у прыватызацыі і атрымае доступ да розных беларускіх прадпрыемстваў…
Андрэй Партонікаў, стваральнік і кіраўнік аналітычнага парталу „Беларусь Сек’юріці Блог”: Складана сказаць, хто ў гэтых газавых спрэчках правы, хто не. З кропкі гледжання, скажам так, бягучых коштаў, Расея абапіраецца на тыя кантрактныя ўмовы, якія былі заключаны бакамі. Ёсць кантракт і згодна з гэтым кантрактам ёсць парадак вызначэння коштаў на газ. А Лукашэнка апелюе да духу еўразійскага эканамічнага саюзу. Маўляў, калі адзіны рынак у нас, то, адпаведна, і падыходы да фармавання коштаў на такую прадукцыю павінны быць адзінымі. Таму тут у кожнага з бакоў свая праўда, але іншая справа, што раней, прынамсі, такія спрэчкі не былі публічнымі…
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя