Кніга пра даследчыкаў Пастаўшчыны
Жыве ў Паставах таленавіты педагог і краязнавец Ігар Пракаповіч. Пра свой Пастаўскі край ён напісаў і выдаў ужо 28 кніг. Таму Пастаўскаму раёну дужа пашанцавала. І такімі людзьмі, як Ігар Пракаповіч, не могуць сёння пахваліцца многія райцэнтры Беларусі. А вось у Паставах такі ёсць. Ігар Пракаповіч напісаў і выдаў кнігі пра рэкі і азёры Пастаўшчыны, пра крыжы і камяні, пра насельніцтва Пастаўшчыны, пра літаратурную Пастаўшчыну, пра Першую сусветную вайну на Пастаўшчыне, нарысы пра асобныя вёскі свайго краю і шмат-шмат яшчэ.
А зусім нядаўна ў менскім выдавецтве “Каўчэг” свет пабачыў яго грунтоўны даведнік “Даследчыкі роднага краю. Краязнаўчы рух на Пастаўшчыне”.
Даведнік уключае ў сабе аналіз здабыткаў і перспектыў развіцця краязнаўства ў Пастаўскім раёне, біяграфіі і апісанні вынікаў дзейнасці асноўных даследчыкаў роднага краю. Кніга складаецца з двух асноўных частак. Гэта – краязнаўчы рух на Пастаўшчыне і краязнаўцы Пастаўшчыны і іх здабыткі. Вельмі важна, што выданне Ігара Пракаповіча будзе карыснае ўсім, хто цікавіцца прыродай, гісторыяй і культурай сваёй малой радзімы, а таксама тым, хто займаецца даследчай, адукацыйнай і асветніцкай дзейнасцю. Само выданне з’яўляецца і прыкладам для іншых рэгіёнаў Беларусі, як і што можна выдаваць па даследаванню роднай зямлі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя