У Вене абмеркавалі стасункі краін у рамках „Усходняга партнёрства”



5—7 снежня адбыўся рабочы візіт намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі ў Вену для ўдзелу ў штогадовай канферэнцыі ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства” (УП). Сёлета канферэнцыя праводзіцца ў рамках старшынства Аўстрыі ў Савеце ЕЗ і прысвечана тэме „Умацаванне эканомікі для стварэння больш моцнага грамадства. Інвеставанне ў людзей для ўстойлівага росту”, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Краўчанка прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін УП з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам і федэральным міністрам па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсл. Адбылося абмеркаванне актуальнага стану і перспектыў узаемадзеяння краін-партнёраў з Еўрасаюзам у рамках УП.

У ходзе візіту Краўчанка правёў сустрэчу з кіраўніком палітычнай секцыі Федэральнага міністэрства па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Маршыкам, падчас якой адбылося абмеркаванне беларуска-аўстрыйскіх адносін і ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку ў кантэксце старшынства Аўстрыі ў ЕС.

З сустаршынёй Беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, кіраўніком секцыі Федэральнага міністэрства дыгіталізацыі і эканамічнай палітыкі Аўстрыі Францам Весігам праведзены прамежкавы аналіз вынікаў выканання дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе 14-га пасяджэння камісіі, якое адбылося ў студзені 2018 года.

Краўчанка таксама правёў сустрэчы з кіраўніцтвам шэрагу аўстрыйскіх аналітычных цэнтраў, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне міжнародных адносін і міжнароднай бяспекі.

belapan.by